У Мінску выходзіць першы сёрф-рокавы альбом

Гурт The Silicon выдае дэбютны альбом, які атрымаў назву паводле адной з кампазіцый дыска Desert Storm. Па словах басіста гурта Mr. Moto, гэты трэк не перадае агульнай канцэпцыі кружэлкі, але з'яўляецца яе рухавіком, ну а незнаёмы для Беларусі стыль падказала само жыццё.

Mr. Moto: "Кампазіцыя з'яўляецца пульсуючым сэрцам гэтага альбома. Не сказаў бы, што яна лепшая, бо кружэлка розная: ёсць мелодыі навеяныя трэшам ды чадам, а ёсць павольныя ды рамантычныя. Ну, а стыль падказаны жыццём. Так атрымалася, што сёрф-рок не вельмі папулярны ў гэтых шыротах, ну і прыйшло натхненне ад любові да музыкі 60-х, падмацаванай папулярным кінематографам Квенціна Таранціна і Раберта Радрыгеса".

На дыску будзе 12 аўтарскіх інструментальных кампазіцый, плюс пераробка "Песняроў".

Mr. Moto: "Мы перайгралі песню "Песняроў", яна называецца "До третьих петухов", аўтарства Пахмутавай і Дабранравава. Мы зрабілі яе ў сваёй стылістыцы. Думаю, што днямі мы яе недзе выкладзем".

Некаторыя кампазіцыі Desert Storm ужо зараз даступныя на старонцы гурта "В Контакте", праўда там яны ў недапрацаваным варыянце. Па словах Mr. Moto, праз пэўны час усе трэкі альбома з'явіцца ў свабодным доступе, але спачатку музыкі паспрабуюць яго выдаць на фізічным носьбіце.

Mr. Moto: "З-за таго, што музыка спецыфічная, нашы беларускія лейблы не бяруцца за распаўсюд, таму мы будзем яго выдаваць і распаўсюджваць самастойна. Але альбом запісаны і будзе ў 20-х чыслах лістапада. Мы хочам спачатку паспрабаваць яго папрадаваць на сваіх канцэртах, а ў інтэрнэце, я думаю, ён з'явіцца і так, сам сабою".

Пасля выхаду альбома музыкі плануюць заняцца і кліпам, але гэта не будзе высокабюджэтнае відэа, хутчэй - звычайная візуалізацыя песні.

Mr. Moto: "Ёсць жаданне пасупрацоўнічаць з Юрыем Шыфам. Ёсць у нас майстэрня, якая вырабляе матацыклы. Яны сказалі, што з задавальненнем дадуць нам свой гараж для здымак кліпа, а таму засталося толькі арганізавацца".

Дарэчы канцэртная прэзентацыя Desert Storm гурта The Silicon адбудзецца 28-га лістапада ў Doo Dah King Bar, пры падтрымцы яшчэ аднаго сталічнага калектыву Crazy Steaks. Апроч таго Mr. Moto распавёў, што наведвальнікаў чакае адмысловы відэашэраг з сёрфінгістамі, і не без жарту паабяцаў мексіканскі бар.

Mr. Moto: "Мы жадаем зрабіць, каб разам з сёрф-музыкай быў менавіта марскі настрой, прапітаны соллю, марскім пахам і рухамі маладых людзей на дошках. Абавязкова будзе мексіканскі бар, тэкіла і прыгожыя мулаткі".

Дададзім, што прэзентацыя альбома пачнецца а 20-й гадзіне, там жа можна будзе набыць і дэбютны альбом гурта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі