У Мінску працягваюць рабіць прышчэпку, пасля якой памерла дзяўчынка ў Гродне

У Мінску працягваюць рабіць прышчэпку, пасля якой памерла дзяўчынка ў Гродне

У гродзенскай дзіцячай паліклініцы №1 пасля прышчэпкі памерла шасцігадовая дзяўчынка. Як паведамляе сайт Следчага камітэта, па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека, распачатая крымінальная справа.


"Каля 16 гадзін 31 траўня ў дзіцячай паліклініцы №1 Гродна пасля ўвядзення камбінаванай вакцыны супраць адру, паратыту і краснухі рэзка пагоршыўся стан у 6-гадовай дзяўчынкі, жыхаркі абласнога цэнтра. Нягледзячы на аказаную медыцынскую дапамогу, яна памерла ў прысутнасці сваёй маці", — інфармуе сайт ведамства.


Як даведалася Еўрарадыё, такую ж прышчэпку 31 траўня атрымалі, апроч загінулай, яшчэ дзевяць дзяцей у Гродне. Скаргаў на іх здароўе не паступала.


Цяпер вырашаецца, ці будзе прыпыненае выкарыстанне гэтай вакцыны ў краіне, бо ў Мінску дзецям колюць такую ж. 


"Вакцына прымяняецца ў цэлым па краіне, не ў канкрэтнай паліклініцы. Ці будзе адазваная вакцына і часова прыпыненае яе выкарыстанне — гэта акурат вырашаецца ў аператыўным парадку. Мы ўзаемадзейнічаем з абласным камітэтам па ахове здароўя, падключыліся спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертызаў. У найбліжэйшы час будзе выпрацаваны комплекс далейшых мераў", — тлумачыць Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова.


Прышчэпка супраць адру, паратыту і краснухі прапісаная ў календары прафілактычных прышчэпак Беларусі. Спачатку яе робяць у 12 месяцаў, паўторна — перад школай, у 6 гадоў. Зрабіць яе можна ў любой дзіцячай паліклініцы па накіраванні доктара і па запісе. Па інфармацыі Еўрарадыё, трывакцына АПК (адзёр, паратыт, краснуха), якая выкарыстоўваецца ў Беларусі, вырабляецца ў Бельгіі. У сталічнай дзіцячай паліклініцы №20 журналісту Еўрарадыё прапанавалі звяртацца да доктара, які накіруе на прышчэпку. У паліклініцы ў Бараўлянах на гэтую прышчэпку сёння запісваюць на 12 чэрвеня.


Дарэчы, да прышчэпкі АПК ёсць адно супрацьпаказанне: непераноснасць курыных яек. Рэч у тым, што вірусы для вакцыны вырошчваюцца на курыных эмбрыёнах, таму здараецца, што нейкія часціцы могуць трапляць у вакцыну. У такім выпадку дзеці-алергікі вызваляюцца ад гэтай прышчэпкі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі