У Мінску пад адным дахам адчыніцца галерэя, кнігарня, бібліятэка і кавярня

Заснавальнікі галерэі сучаснага мастацтва "Ў" абяцаюць штодня неардынарныя мерапрыемствы Тут будуць ладзіцца кінапаказы, адукацыйныя семінары, а таксама будзе магчымасць пасядзець у інтэрнэце.

“Гэта першы праект не толькі для Мінску, але і для ўсёй Беларусі. Мы плануем, што кожны дзень на гэтай пляцоўцы будзе штосьці адбывацца. Акрамя літаратурных прэзентацый, дыскусійных клубаў і лекцый, тут будзе кінаклуб, у якім будуць ладзіцца паказы відэа-арту з іншых краін свету, Еўропы”, — кажа арт-дырэктар будучай галерэі Ганна Чыстасердава.

Журналіст Еўрарадыё сустрэлася з заснавальнікамі галерэі “Ў” Ганнай Чыстасердавай, Валянцінай Кісялёвай і з уладальніцай будучай кнігарні Аляксандрай Дынько.



Чаму такі праект робіцца толькі цяпер? Шмат у якіх краінах такія месцы існуюць даўно. Дайшла чарга і да Беларусі?

Чыстасердава: “Гэта павінна было адбывацца яшчэ ў 1990-я гады… але ж мы ўсе ведаем, што пытанні культуры цяпер не самыя першыя ў нашым асяроддзі. Напэўна, цяпер для нас прыйшоў той час — на працягу 6-ці год мы трэніраваліся на маленькіх пляцоўках, рабілі вялікія праекты ў іншых краінах. Атрымалася так, што менавіта цяпер мы знайшлі вялікае кола сяброў і партнёраў, дзякуючы якім мы можам ажыццявіць гэты праект”

“Гэта будзе такая свабодная прастора, дзе будзе добра кожнаму”

На пытанне “чаму цяпер?” адказала дырэктарка кнігарні, што змесціцца ў галерэі “Ў”. Аляксандра Дынько ўзгадала словы вядомага беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі, які апісаў нашую культурную прастору так: у нас літаратары сабе асобна, мастакі — асобна, музыкі — асобна.

Дынько: “Гэты праект для нас — магчымасць цяпер, у 2009 годзе, адмовіцца ад такога канцэпту. Кожны з гэтых маленькіх астраўкоў паступова развіваўся ўвесь гэты час, і зараз усе зразумелі, што найбольш эфектыўна і найбольш карысна працаваць разам.
Гэта папросту надзённая патрэба. Мы не ставілі перад сабой задачу — што мы тут зараз усё перавернем. Мы проста існуем такія, якія мы ёсць. Мы проста разам, таму што нам тут добра. І мы запрашаем сюды ўсіх людзей, якім тут таксама будзе добра. Такая свабодная крэатыўная прастора, дзе будзе добра кожнаму”
.

Галерэя “Ў”: літаратурны блок

Сёння ў беларускім літаратурным асяроддзі склалася сітуацыя, што ўсе даўно ведаюць адзін аднаго. Ці зменіцца гэтая сітуацыя, расказвае Аляксандра Дынько.

Да вас у кнігарню будуць прыходзіць тыя ж самыя асобы? Тыя, каго мы ўсе ведаем — аднолькавыя твары, якія з імпрэзы ў імпрэзу не змяняюцца? Ці прыйдуць таксама новыя людзі, якія раней не цікавіліся беларускай літаратурай?

Дынько: “Тут якраз суіснаванне некалькіх блокаў дае нам вялізныя магчымасці. Плюс тое, што тут будзе кавярня, дае нам магчымасць прыцягнуць вялікую колькасць людзей, заангажаваць тых людзей, якія ніколі раней не прыходзілі і не цікавіліся.

Сюды зможа прыйсці кожны чалавек са сваімі патрабаваннямі. Сёння пра беларускую культуру і літаратуру ён па тэлевізары не пабачыць. А прыходзячы сюды, ён зможа рэалізаваць сваю культурную патрэбу — ён можа пабачыць тут тую кнігу, якая яго цікавіць, і таго аўтара, пра якога ён хоча ведаць і светапогляд якога супадае з яго светапоглядам.

Што тычыцца кнігі — там будуць кнігі, цікавыя для беларускага чытача: на розных мовах, танныя і дарагія, лёгкія і складаныя. Але каб маляваць нейкі сацыялагічны партрэт, то я б хацела ад гэтага адмовіцца. Гэта будзе месца для ўсіх”.


Галерэя “Ў”: мастацкі блок

У галерэйным бізнесе сітуацыя адрозніваецца ад літаратурнай. Не кожны можа дазволіць сабе купіць дарагі твор мастацтва. Але кожны зможа дазволіць прыйсці і паглядзець на яго, кажа арт-дырэктар галерэі “Ў” Ганна Чыстасердава.

Чыстасердава: “Што самае цікавае — галерэі ў нас ужо былі і ў 1996-м годзе, і ў 1998-м. І нават напачатку 2000 гадоў… Але ж, на жаль, эканамічная сітуацыя і выпрацоўка чалавечага рэсурсу ў некамерцыйных мастацкіх праектах нейкім чынам паўплывала на тое, што зараз у 2-мільённым горадзе мы маем 3-4 прыватныя галерэі, якія нават галерэямі вельмі цяжка назваць, таму што гэта салоны па продажу вельмі традыцыйных прадметаў мастацтва, на жаль”.

У гэтым месцы кожны дзень будзе адбывацца штосьці, пра што будзе варта пісаць

Функцыя, якую павінна выконваць галерэя, — прамоўшн імёнаў сучаснага мастацтва. У нас мала хто гэтым прафесійна і добра займаецца, кажа Ганна Чыстасердава:

“У нас пакуль вельмі шмат праблемаў тут: няма ніякай заканадаўчай дзейнасці, якая б рэгулявала ўзаемаадносіны паміж мастакамі і культурнымі інстытуцыямі, няма культуры не толькі экспанавання і правядзення культурных акцыяў, але няма нават культуры арт-крытыкі. У асноўным, уся інфармацыя, што з’яўляецца ў СМІ пра тую ці іншую выставу ці культурны праект, абмяжоўваецца невялічкай аб’явай: што, дзе і калі, і, магчыма, 5-6 радкоў пасля. Гэта дрэнна, таму што і для мастакоў, і для галерыстаў вельмі важна адчуць водгук на сваю працу”.


“Ёсць куды пісаць. Ёсць пра што пісаць. Няма людзей, якія могуць добра пра гэта пісаць”

Чыстасердава: “Мы вельмі спадзяемся на базе гэтай галерэі выгадаваць новы пласт арт-крытыкаў. Ёсць куды пісаць. Ёсць пра што пісаць. Няма людзей, якія могуць добра пра гэта пісаць. І мы вельмі спадзяемся, што гэтыя людзі з’явяцца. У гэтым месцы кожны дзень будзе пра што пісаць — трэба знайсці тых людзей, хто будзе гэта рабіць”.

Як самі мастакі паставяцца да таго, што іх творы будуць рэкламаваць і распаўсюджваць прафесіяналы? Магчыма, за ўсе гэтыя гады яны так прызвычаіліся самі прасоўваць сваю працу, што не давераць яе ўжо нікому іншаму?

Чыстасердава: “Наколькі ён прызвычаіўся, настолькі ён і стаміўся ад гэтага. Галоўная мэта мастака — стварэнне мастацтва. То бок, сам акт творчасці, а не самапродаж і самарэклама. І ў Расіі, і ва Ўкраіне, і ў Літве, і ва ўсёй астатняй Еўропе вельмі малая колькасць мастакоў працуе так, як працуе большасць мастакоў у Беларусі. Бо вельмі шмат часу яны марнуюць на тое, каб папаіць каўкай ці каньячком наведвальнікаў сваіх майстэрняў”.

Дынько: “Гэта фармаванне новай бізнес-праслойкі, пэўнага медыятара, які бярэ на сябе функцыі паміж мастаком і спажыўцом. Роля медыятара вельмі важная, таму што ён і фармуе гэтыя патрабаванні. Ён тлумачыць і пакупніку, чаго насамрэч ён хоча, і ў той жа час тлумачыць мастаку, чаго ад яго хоча пакупнік”.

Беларусь сёння становіцца вельмі моднай краінай

Дзяўчаты расказалі, што нядаўна ў Вільні на міжнародным прыбалтыйскім арт-кірмашы прэзентавалі новы праект. Падчас выставы было шмат прыемных кампліментаў:

Чыстасердава: “Людзі яшчэ да таго як прыходзілі паглядзець на нашу экспазіцыйную плошчу, калі даведваліся, што мы з Беларусі, шкадавалі нас, думалі, што ў нас усё так традыцыйна і сумна, і нецікава… Але калі яны прыходзілі на стэнд, то вельмі здзіўляліся — в-а-а-а-у! Гэтыя ўсе мастакі з Беларусі??? Дык гэта ж супер!

У межах гэтага праекту мы вельмі добра пагутарылі з Арцеміем Троіцкім, ён сказаў вельмі прыемную і праўдзівую фразу: ён сказаў, што сёння Беларусь становіцца вельмі моднай краінай. Спадзяемся, што гэта можна будзе бачыць не толькі ў тых мастацкіх праектах, якія ў асноўным прэзентуюцца па-за межамі нашай краіны….”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі