У Мінску ілжэ-газавікі прапаноўваюць набыць у іх абсталяванне

У Мінску з’явіліся ілжэ-газавікі, якія ходзяць па дамах і навязваюць грамадзянам набыццё спецыяльнага абсталявання. Падазроныя “спецыялісты” наведалі шэраг дамоў па вуліцы Цнянскай. Спачатку яны нібыта аглядалі газавае абсталяванне, а затым прапаноўвалі набыць у іх датчык загазаванасці і задымлення або іншыя прылады. Самотным пенсіянерам абяцалі ільготы.

Мясцовыя жыхары звярнуліся ў міліцыю. Пакуль праваахоўнікі з Савецкага РУУС правяраюць атрыманую інфармацыю, УП “Мінгаз” зладзіў уласнае расследаванне. Спецыялісты ўзялі дадзеныя з дамовы, якую “газавікі” падпісвалі з грамадзянамі, і накіраваліся ў гандлёвы дом “Манетка”, але не знайшлі там офіс прадпрыемства “ГазКантроль Дом Сістэмы Бяспекі”, ад імя якога і дзейнічалі махляры.

Ужо вядома, што падобныя выпадкі продажу сігналізатараў загазаванасці і газавых лічыльнікаў здараліся не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, піша БЕЛТА.

“Мінгаз” нагадвае, што паведамленні аб планавых праверках абсталявання з’яўляюцца сама меней за тры дні. Падчас візітаў супрацоўнікі прадпрыемства павінны паказаць службовае пасведчанне і быць апранутымі ў спецвопратку з лагатыпам арганізацыі. Усталяванне індывідуальных прыбораў уліку газу і сігналізатараў адбываецца па жаданні гаспадароў жылля.