У Мінску будуць судзіць маладога чалавека, які забіў 15 катоў

"Сухараўскі жывадзёр" забіў 15 катоў / pixabay.com

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб жорсткім абыходжанні з жывёламі, якое пацягнула іх гібель.

22-гадоваму мінчуку выставілі абвінавачанні паводле ч.ч. 1, 2 арт. 339-1 (жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула яе гібель і калецтва, здзейсненае з хуліганскіх і іншых нізкіх памкненняў, здзейсненае паўторна). З санкцыі пракурора ён узяты пад варту.

Гісторыя пачалася сёлета 11 жніўня. Суседзі паведамілі валанцёрам, што з кватэры жылога дома ў сталічным мікрараёне Сухарава даносяцца крыкі жывёлы. Зоаабаронцы прыехалі на месца здарэння, але дзверы ім ніхто не адчыніў. У смеццевым кантэйнеры яны пабачылі труп ката. Валанцёры звярнуліся ў міліцыю. А міліцыянты выявілі, што гаспадаром памерлай жывёлы быў 22 гадовы мінчук.

Як гаворыцца ў матэрыялах справы, ад рук маладога чалавека загінулі 15 катоў розных парод і ўзростаў. Мінчук купляў іх праз інтэрнэт.

На допытах ён не змог растлумачыць свой учынак. Хлопец заявіў, што збіваў катоў, бо ў яго быў кепскі настрой. У адным выпадкы ён кінуў кацяня аб дрэва ў лесапарку сталіцы.

Целы памерлых жывёл ён выкідаў праз гаўбец ці ў смеццевыя кантэйнеры. Пры гэтым свае дзеянні ён здымаў на камеру мабільніка.

Паведамляецца, што малады чалавек з'яўляецца рамеснікам, раней не судзімы.

Судова-псіхіятрычна экспертыза выявіла, што ў момант здзяйснення злачынстваў хлопец усведамляў фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і мог кіраваць імі.

За жорсткае абыходжанне з жывёламі яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.