У Мінску актывістаў АГП аштрафавалі за раздачу інфармацыйных матэрыялаў

У Мінску актывістаў АГП аштрафавалі за раздачу інфармацыйных матэрыялаў

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама актывісты арганізацыі Вольга Маёрава і Дзяніс Красачка 6 траўня аштрафаваныя судом Завадскога раёна Мінска за "раздачу інфармацыйных матэрыялаў, накіраваных супраць улады і ўрада". Яна адбылася 14 красавіка каля прахадной Мінскага аўтамабільнага завода. Апазіцыянеры аштрафаваныя адпаведна на 50, 30 і 30 базавых велічынь (10,5, 6,3 і 6,3 мільёнаў рублёў).
 
Як паведаміў БелаПАН Лябедзька, суддзя Алена Някрасава прызнала членаў АГП вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КоАП). Палітык звяртае ўвагу, што цяпер "раздача інфармацыйных матэрыялаў крытычнага для ўлады ўтрымання прыраўноўваецца да несанкцыянаванага мерапрыемства". А гэта супярэчыць Канстытуцыі, закону аб палітычнай партыі, сказаў Лябедзька.

Лідара АГП абурае фармулёўка, якой у судзе абгрунтавалі вынясенне штрафаў: "раздача інфармацыйных матэрыялаў, накіраваных супраць улады і ўрада". Ён лічыць, што "суддзя спрабавала абгрунтаваць абвінавачванне правядзеннем несанкцыянаванага мерапрыемства, але ўсе сведкі пацвердзілі толькі сам факт раздачы інфармацыйных матэрыялаў, ніхто не казаў, што гэта пікет ці шэсце".

Адзначым, што на судзе прысутнічалі пасол Вялікабрытаніі, прадстаўнікі пасольстваў Швецыі і ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі