Вы тут

У Мастацкім музеі пройдзе таемны канцэрт Руслана Аляхно?

Нацыянальны мастацкі музей / Еўрарадыё

У чацвер, 12 лістапада, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі працуе да 15:30. Па тэлефоне кажуць, што скарочаны дзень зладзілі "па тэхнічных прычынах". Крыніцы Еўрарадыё сцвярджаюць: у музеі плануецца ўрачыстае мерапрыемства на 50 VIP-персон з удзелам Руслана Аляхно, дэталі якога трымаюць у таямніцы ад супрацоўнікаў. 

"Такая дзіўная сітуацыя, — кажа наш суразмоўца. — Чамусьці ад нас нашае ж кіраўніцтва трымае гэта ў сакрэце. Учора спрабавалі высвятляць. Адзін з намеснікаў дырэктара сказаў, што не ўпаўнаважаны выдаваць такую інфармацыю. Мерапрыемства настолькі сакрэтнае, што самім ужо страшэнна цікава даведацца, што гэта". 

Па словах суразмоўцы, супрацоўнікаў, якія працуюць у асноўным выставачным корпусе, папрасілі пакінуць музей пасля 16:00. У тых, хто працуе ў адміністрацыйным будынку, рэжым працоўнага дня не змяніўся. 

"Таксама нам сказалі, што ўчора [ў сераду] ў музей патэлефанавалі з фабрыкі "Камунарка" і папрасілі, каб хто-небудзь прыняў заказ на будучую ўрачыстасць", — працягвае супрацоўнік музея.

Ці выступіць на таемнай вечарынцы сярод карцін Руслан Аляхно, невядома. Да музыкі датэлефанавацца не ўдалося. Яго канцэртны менеджар таксама не ў курсе сітуацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.