У Малдову зноў не пусцілі фуры з беларускай бульбай

Еўрарадыё
Еўрарадыё

Нацыянальнае агенцтва бяспекі харчовых прадуктаў Малдовы (ANSA) зноў завярнула фуры з беларускай бульбай, паведамляе newsmaker.md. 

Па словах намесніка кіраўніка ANSA Элы Малай, 22 траўня забаранілі ўезд у Малдову чатыром грузавікам з бульбай з Беларусі. У той жа час, дадала яна, 13 машын з бульбай бесперашкодна заехалі на тэрыторыю Малдовы.

Забарону на ўезд чатырох фур Малай патлумачыла тым, што ў бульбе, якую яны перавозілі, выявілі кальцавую гніль. Паводле яе слоў, першы выпадак кальцавой гнілі ў беларускай бульбе выявілі месяц таму, пасля чаго ANSA ўзмацніла кантроль за імпартам бульбы з Беларусі — пробы цяпер бяруць з кожнай фуры.

Намеснік кіраўніка ANSA таксама адзначыла, што кальцавая гніль не небяспечная для здароўя людзей, але можа нашкодзіць раслінам.

Кальцавая гніль бульбы — шырока распаўсюджанае і вірулентнае захворванне. Знішчае як надземную, так і падземную часткі расліны ва ўсіх фазах яе развіцця. Выяўляецца ў выглядзе паразы бацвіння (завяданне) і загнівання клубняў у полі і пры захоўванні.

Раней Еўрарадыё паведамляла, што за 7 тыдняў, з 26 сакавіка па 13 мая, Малдова завярнула 19 партый беларускай бульбы з 121, або 15% ад агульнай колькасці партый. Няякаснымі прызнаныя каля 400 тон беларускай бульбы. НАБПП перадало ў Галоўную дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве і абароне раслін Беларусі спіс вытворцаў, у якіх выявілі заражаную бульбу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі