У Магілёве перад Днём саборнасці Украіны пашкодзілі бюст Шаўчэнкі (фота)

У Магілёве перад Днём саборнасці Украіны пашкодзілі бюст Тараса Шаўчэнкі. Здарылася гэта ў перыяд паміж 19 і 22 студзеня. Вось што распавёў Еўрарадыё кіраўнік культурна-асветніцкага аб’яднання "Дніпро" Генадзь Гузій:

"22 студзеня мы былі там і пабачылі, што надпіс збіты. Прычым па-варварску збіты. І там праца не 5 хвілін, што прыйшоў, сарваў і пайшоў".

Паводле слоў Гузія, ён напісаў заяву ў міліцыю, якую перадасць сёння ў другой палове дня. Кіраўнік аб’яднання "Дніпро" спадзяецца, што праваахоўнікі зрэагуюць, бо бюст выраблены з бронзы і яго ўвогуле зламыснікі могуць знішчыць — здаць на каляровы метал. Ён падкрэслівае, што вандалізм адбыўся ў цэнтры горада.

"Хочацца верыць, што гэта звычайны акт вандалізму, а не нешта "страшнейшае", — кажа Генадзь Гузій у каментары Еўрарадыё.

Нагадаем, бюст Тарасу Шаўчэнку быў усталяваны на ўзбярэжжы Дняпра ў Магілёве з ініцыятывы гарадской дыяспары ўкраінцаў у 2005 годзе. На адкрыцці прысутнічала вялікая дэлегацыя з Украіны, кіраўніцтва Магілёўскай вобласці і горада. Каля помніка традыцыйна збіраюцца мясцовыя ўкраінцы, запальвалі знічы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі