У Лошыцкім яры адбыўся мітынг памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Выкананнем гімна "Магутны Божа" ў Лошыцкім яры завяршыўся мітынг памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Акцыя была арганізаваная Кансерватыўна-Хрысціянскай партыяй — БНФ і санкцыянаваная мінскімі ўладамі. Каля трох дзясяткаў актывістаў партыі прайшлі працэсіяй ад Палаца культуры камвольнага камбіната да Лошыцкага яра. Тут у перыяд сталінскіх рэпрэсій адбываліся расстрэлы нявінных людзей. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да крыжа памяці рэпрэсаваных і запалілі свечкі.

На жалобным мітынгу намеснік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі, інфармуе БелаПАН, нагадаў, што ў Лошыцкім яры сталінскі рэжым забіваў эліту беларускай нацыі — навукоўцаў, пісьменнікаў, інтэлігенцыю. Цяпер на гэтым месцы размешчаныя гаражы, і прах забітых пахаваны пад шматметровым пластом пяску. Па словах Беленькага, гэтыя гаражы — "знак акупацыі, бо такія рэчы могуць рабіць толькі акупанты".

Беленькі абвінаваціў цяперашнія ўлады Беларусі ў знішчэнні беларускамоўных школ, культурнага асяроддзя і перашкодах пашырэнню ўжывання роднай мовы. Ён заклікаў людзей казаць па-беларуску і не ісці "на фальшывыя выбары".

Шэсце і мітынг доўжыліся крыху больш за гадзіну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі