У крызіс актывізаваліся беларускія фальшываманетчыкі

За студзень-красавік у Беларусі зарэгістравана 309 фактаў фальшываманецтва. Год таму за аналагічны перыяд было выяўлена 265 такіх выпадкаў, такім чынам, колькасць фальшывак узрасла прыкладна на чвэрць. 427 чалавек прыцягнулі за адміністратыўнай адказнасці за незаконныя валютныя аперацыі.

У праваахоўных органах мяркуюць, што рост выяўленых фальшывых грошай наўпрост звязаны з валютным крызісам: у снежні 2014 года беларусы актыўна набывалі валюту з рук. Калі сітуацыя палепшылася, яны панеслі грошы ў банкі — тут і пачалі выяўляць падробкі. Такая ж сітуацыя была і ў 2011 годзе, калі беларусы амаль паўгода жылі пры валютным дэфіцыце.

Больш за палову выяўленых падробак — гэта долары (54%), затым ідуць расійскія рублі (27,2%), 12,3% падробак — гэта еўра і 6,1% — беларускія рублі. Аднойчы спрабавалі збыць падробныя кітайскія юані, а дзве канфіскаваныя фальшыўкі наміналам у 200 еўра аказаліся сапраўднымі банкнотамі банка Сербіі са змененымі выявамі. 45 разоў беларусы спрабавалі здаць у банк “сувенірныя” грошы.

Былі выпадкі і не з адзінкавымі падробкамі. У Ашмянах і Барысаве выкрылі дзве падпольныя друкарні па выданні падробных грошай. Адзін з фальшываманетчыкаў атрымаў 15 гадоў турмы, іншы — 7, перадае telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі