У краіне недахоп міліцыянераў. Жадаючых набіраюць нават па тэлефоне!

Як стала вядома Еўрарадыё, аб’явы аб наборы ў міліцыю размяшчаюць у Інтэрнэце, навучальных установах, у метро. Нават могуць патэлефанаваць дахаты і прапанаваць змяніць працу Стартавы заробак міліцыянта - 800 тысяч рублёў. Аб гэтым журналіст Еўрарадыё даведаўся нечакана для сябе, калі ў выходны (!) дзень яму патэлефанавалі з органаў і прапанавалі… змяніць працу.

У аддзелах кадраў МУС не прызнаюць, што існуе недахоп міліцыянераў, але не адмаўляюць, што актыўна размяшчаюць аб’явы. Супрацоўніца РУУС Першамайскага раёна Мінска гаворыць Еўрарадыё, што яны бяруць спісы ў ВНУ ці ў ваенкамаце і тэлефануюць усім, каму няма 25 гадоў.

Супрацоўніца: Мы не неўкамплектаваныя, вакансіі ёсць заўсёды, і практыка такая ёсць. Робім аб’явы, даем інфармацыю ў Інтэрнэт, развешваем аб’явы ў ВНУ. Мы часцей за ўсё бярэм спісы ў навучальных установах ці ваенкаматах і тэлефануем і прапаноўваем працу.

Да будучага міліцыянера існуе некалькі патрабаванняў: узрост да 25 гадоў, наяўнасць адукацыі (сярэдне-спецыяльнай ці вышэйшай), а вось служба ў войску зусім не абязковая. Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабавала ўладкаваць свайго мужа на працу ў РУУС Кастрычніцкага раёна.

Еўрарадыё: Майму мужу 23 гады, ён скончыў педагагічны каледж і адслужыў у войску. Што вы яму можаце прапанаваць?
Аддзел кадраў: Міліцыянер-кіроўца ці міліцыянер патрульна-паставой службы.
Еўрарадыё: Які ў яго будзе аклад?
Аддзел кадраў: Недзе 700-800 тысяч. Ну, я вам называю сярэдні заробак, так скажам - стартавы.

Больш за ўсё кандыдатаў адсейваюць на медыцынскім аглядзе. Дарэчы, ён цягнецца больш за месяц. Што можа стаць прычынай адмовы, у аддзеле кадраў не захацелі называць. Аднак Еўрарадыё запэўнілі: калі кандыдат прайшоў усе выпрабаванні, а вольных пасад ужо няма, тады аддзелы міліцыі іншых раёнаў прапануюць свае вакансіі. У Мінску нават дзяўчыны “з вуліцы” могуць папоўніць шэрагі праваахоўнікаў.

Еўрарадыё запыталася ў выканаўцы абавязкаў начальніка прэс-службы МУС Алега Слепчанкі, ці можна казаць пра нейкую цякучку ў міліцыі.

Алег Слепчанка: Ну, чаму цякучка? Проста нехта прыходзіць, а нехта сыходзіць. Для таго, каб нам укамплектаваць свае шэрагі годнымі людзьмі, каб гэтыя людзі адпавядалі і па ўзроўні інтэлектуальным, і па сумленнасці сваёй і чысціні з пункту гледжання правапарушэнняў. У такім выпадку, канешне, трэба ісці ў масы, каб шукаць такіх людзей.

Дарэчы, у глыбінцы праблемы з праваахоўнымі кадрамі няма. На пытанне Еўрарадыё, колькі ж міліцыянераў патрэбна сёння сталіцы, начальнік прэс-службы МУС адказаць не захацеў.

Алег Слепчанка: Мы не імкнемся агучваць колькасць уласнага саставу. Нягледзячы на нашую адкрытасць – гэта не тая лічба, якую трэба агучваць. Паверце мне, мы ідзем па шляху скарачэння ўжо некалькі гадоў.

Еўрарадыё паспрабавала дапамагчы ўладкавацца на іншую працу чалавеку, які падыходзіць міліцыі, і паглядзела, на які заробак можна разлічваць. Выпускнік Лінгвістычнага ўніверсітэта можа ўладкавацца настаўнікам у школу. У сталічнай СШ №132 спецыяліста французскай мовы чакае заробак 430 тысяч (аклад 240 тысяч).

У калгасе “Плавучае” Крупскага раёна даярцы прапаноўваюць 380-400 тысяч і ў прыдачу даюць яшчэ катэдж.

СВК “Плавучае” : Зараз будуецца аграгарадок, і прадастаўляюцца дамкі. І прыбіральня, і ванна - усё ў доме. Толькі што ацяпленне: трэба дровамі тапіць, газ збіраюцца праводзіць, але пакуль яшчэ не падвялі. Сярэдні заробак 380-400 тысяч чыстымі - больш не выходзіць. Летам, канешне, болей. Летам нашыя даяркі атрымлівалі і 500 тысяч, і за 500.

Такім чынам, пачынаць кар’еру з працы ў міліцыі, нават без адукацыі, больш прывабна, чым настаўнікам пасля ВНУ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі