У краіне не хапае крыві з-за адмены ільгот

Супрацоўнікі станцый пералівання крыві ездзяць па сёлах, прадпрыемствах, універсітэтах, каб зрабіць чарговы забор крыві. Даюць аб’явы ў газеты. Калі ў Мінску на гэту тэму не жадаюць размаўляць, то ў Магілёве Еўрарадыё прызналіся, што гэта звязана з адменай ільгот. Між тым ільготы донараў пакуль дзейнічаюць да сярэдзіны снежня.

Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гематалогіі Міхаіл Патапнюк запэўнівае нас, што ніякай крытычнай сітуацыі не назіраецца. Адзінае: не хапае запасаў крыві розных груп з адмоўным рэзус-фактарам.

Міхаіл Патапнюк: З дадатным рэзусам у нас праблем няма, а вось з адмоўным - ёсць. Ну, як праблемы? Канешне, нейкі мінімум мы падтрымліваем. Але ў выпадку, калі з’явяцца 2-3 чалавекі, якім хутка будзе патрэбна кроў з адмоўным фактарам, тады мы страхуем сябе і абменьваемся з іншымі станцыямі ці выклікаем донара.

Кожны дзень у цэнтр прыходзіць 100-150 донараў. Як правіла, гэта людзі 20-40 год. Міхаіл Патапнюк не бачыць у адмене ільгот донарам вялікай праблемы: “Донарства – гэта добраахвотная справа, а не спосаб зарабіць грошы. Таму пасля прыняцця закону з намі застануцца толькі валанцёры”.

Дырэктар цэнтра лічыць, што дзяржава і так зашмат траціць на донараў, таму такое рашэнне нельга падвяргаць крытыцы.

Міхаіл Патапнюк: Журналісты на новаўвядзенне часта звяртаюць залішнюю ўвагу. Паверце мне, што мы нармальна працуем. У адрозненні ад Расіі, дзе праводзяць акцыі кшталту “Давайце здадзім кроў”, у нас гэтага няма.

Еўрарадыё папрасіла растлумачыць, чаму тады Мінская абласная станцыя пералівання крыві дае аб’яву ў газеты, каб завабіць донараў. А Магілёўская – у пошуках донараў выязджае на сяло? Міхаіл Патапнюк назваў гэта проста работай лекара.

У Мінскай абласной станцыі пералівання крыві на гэту тэму ўвогуле не жадаюць размаўляць. Недахоп крыві ніхто не прызнае. У той час аб’явы ад імя гэтай станцыі размешчаны ва ўсіх мясцовых газетах.

Тым часам загадчыца аддзела камплектавання донарскіх кадраў у Магілёўскай абласной станцыі крыві Ніна Афанасьева скардзіцца, што пасля прыняцця закону аб адмене ільгот, нават перасталі прыходзіць пастаянныя кліенты-донары.

Ніна Афанасьева: Як толькі стала вядома пра адмену ільгот, колькасць нашых донараў скарацілася ўдвая. З лета да нас перасталі прыходзіць пастаянныя кліенты. Магчыма, у іншай краіне гэта робіцца на добраахвотнай аснове, але не ў нас. Трэба ўлічваць, што там і ўзровень жыцця іншы, і людзі не зацікаўлены так у грошах, як мы. Для многіх гэта спосаб паправіць матэрыяльнае становішча. Канешне, хочацца, каб ільготы пакінулі.

Станцыя пералівання крыві пачала ладзіць выезды на сяло, прадпрыемствы, але іх гэта не задавальняе: ім патрэбны пастаянныя донары.

Ганаровы донар магіляўчанін Ігар Каваленка прызнаўся Еўрарадые, што спачатку ён зарабляў грошы, а пасля таго як выратаваў жыццё 6-гадовай дзяўчынкі, пачаў прыходзіць сюды па ўласным жаданні. Ён і сення здае кроў. І тым часам пратэстуе:

Ігар Каваленка: Я не хаваю свайго першапачатковага намеру, але зараз мне ў радасць дапамагаць іншым. Неаднаразова мяне выклікалі ў позні час, каб зрабіць забор крыві, і я ніколі не адмаўляў. Але зараз мы (донары) ладзім страйкі, каб улада звярнула на нас увагу. Нам патрэбны гэтыя льготы, а мы патрэбны хворым людзям.

ДОСЬЕ ЕЎРАРАДЫЕ
Сёння за адну крывездачу плацяць 60 тысяч, а за плазму - 106 тысяч. Ганаровыя донары (іх у нашай краіне налічваецца больш за 40 тысяч) карыстаюцца зніжкай на 50% пры набыцці лекаў і на 40% - на лячэнне зубоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі