У Камітэт ААН па правах чалавека прыйшла скарга "смяротніка" Васіля Юзэпчука

У Камітэце ААН па правах чалавека 12 кастрычніка зарэгістраваная скарга прысуджанага беларускім судом да смяротнага пакарання Васіля Юзэпчука. Як паведаміў БелаПАН, у гэты ж дзень інфармацыя пра яе рэгістрацыі і копія скаргі накіраваныя ў прадстаўніцтва Беларусі ў ААН у Жэневе. У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі Камітэт па правах чалавека звярнуўся з просьбай да дзяржавы не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд Юзэпчуку, пакуль яго скарга не будзе разгледжаная па сутнасці.

У скарзе Юзэпчук сцвярджае, што не меў гарантыі справядлівага судовага разгляду і былі парушаныя яго правы на свабоду і асабістую недатыкальнасць, а таксама свабоды ад катаванняў. Таксама ён напісаў, што яго збівалі, прымушаючы даваць паказанні; на судовае паседжанне не былі выкліканыя сведкі, якія маглі б сведчыць як у яго абарону, так і супраць.

Акрамя таго, Юзэпчук зважае на тое, што не быў дастаўлены ў тэрміновым парадку да суддзі і першы раз убачыў суддзю праз год і тры месяца пасля свайго затрымання.

Нагадаем, 29 чэрвеня гэтага года Брэсцкі абласны суд за здзяйсненне серыі забойстваў пажылых жанчын прысудзіў 30-гадовага жыхара Драгічынскага раёна Васіля Юзэпчука да вышэйшай меры пакарання, яго 28-гадовага саўдзельніка Сяргея Гучэнку — да пажыццёвага зняволення з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.

2 кастрычніка калегія Вярхоўнага суда, разгледзеўшы касацыйныя скаргі, пакінула ў сіле смяротны прысуд. 7 кастрычніка "Міжнародная амністыя" заклікала Аляксандра Лукашэнку памілаваць Юзэпчука.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі