У каго з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі былі беларускія карані

Лауреаты Нобелевской премии родом из Беларуси

Лаўрэаты "нобелеўкі", якія маюць карані ў Беларусі / instagram.com/rubanau_collage

У першы тыдзень кастрычніка ў Стакгольме і Осла абвяшчаюць імёны самай вядомай узнагароды ў сферы навукі, літаратуры і захавання міру — Нобелеўскай прэміі. За апошнія дзесяць гадоў адразу двое беларусаў былі ўганараваныя ўзнагародай: пісьменніца Святлана Алексіевіч (2015) і праваабаронца-палітвязень Алесь Бяляцкі (2022).

Але сярод лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі розных гадоў былі і іншыя ўраджэнцы Беларусі. Расказваем пра іх.

 

Зрабіў эканоміку навукай

Сайман Кузнец

Сайман Кузнец — выбітны амерыканскі эканаміст, дзякуючы яму эканоміка стала эмпірычнай навуковай дысцыплінай, то-бок заснаванай на дадзеных і назіраннях, а не на "філасофнічанні". У 1971-м ён атрымаў Нобелеўскую прэмію па эканоміцы.

А за 70 гадоў да таго, у 1901, Сямён (Шымон) Абрамавіч Кузнец нарадзіўся ў беларускім Пінску. У 1922-м, пасля нягодаў Першай сусветнай, грамадзянскіх войнаў і прыходу да ўлады бальшавікоў, сям'я пераехала ў ЗША. Там ён узяў імя Сайман і працягнуў навучанне ў Калумбійскім універсітэце. Ну а далей — прызнанне ва ўсім свеце і мноства ўзнагарод.


Спыніў вайну на знясіленне паміж Ізраілем і Егіптам

Менахем Бегін

Менахем Бегін, на той момант прэм'ер-міністр Ізраіля, атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 1978 годзе за дасягненне міру з Егіптам. Паміж дзяржавамі гадамі ішла "вайна на знясіленне" — і Бегін быў адным з тых, хто паклаў ёй канец.

А нарадзіўся ён у 1913-м у беларускім Брэсце, тады яго звалі Мечыслаў Вольфавіч Бягун. Ён з дзяцінства марыў пра незалежны Ізраіль — і за свой актывізм і погляды пераследаваўся бальшавікамі. У 1940-м трапіў у савецкі лагер, але пасля пачатку вайны паміж Германіяй і СССР яго вызвалілі як польскага падданага. Далей — армія генерала Андэрса, паход у Палестыну і барацьба за сваю дзяржаву ўжо там.

 

Дапамог прынесці мір на Блізкі Усход

Шымон Перэс

Яшчэ адзін прэм'ер-міністр Ізраіля, Шымон Перэс, атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 1994 годзе. Нобелеўскі камітэт высока ацаніў яго ролю як тагачаснага кіраўніка МЗС Ізраіля ў дасягненні міру на Блізкім Усходзе. Калі каротка, то гаворка ішла пра спробы распрацаваць план урэгулявання канфлікту паміж Ізраілем і Палестынай — і паспяхова падпісанае пагадненне.

А нарадзіўся будучы палітык пад імем Шымон (Сямён) Перскі ў вёсачцы пад Валожынам у 1923 годзе. Яго бацька скупляў піламатэрыялы, маці працавала бібліятэкаркай і настаўніцай рускай мовы. Калі хлопчыку было 11, яны сям'ёй пераехалі ў Тэль-Авіў.

 

Дапамагаў Апенгеймеру і развіваў квантавую фізіку

Рычард Фейнман

Яшчэ пры жыцці Рычард Фейнман стаў адным з самых вядомых фізікаў у свеце, у першую чаргу дзякуючы свайму ўнёску ў развіццё квантавай механікі. За свае працы ў 1965-м ён быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй. А за два дзесяцігоддзі да таго працаваў разам з Робертам Апенгеймерам над стварэннем першай атамнай бомбы.

Нарадзіўся Фейнман у Нью-Ёрку, а вось яго бацька Мелвіл — у Мінску. Яшчэ ў дзяцінстве бацька фізіка перабраўся разам з бацькамі ў ЗША, як тады рабілі многія габрэйскія сем'і. Але ад гэтага "беларускі след" аднаго з выбітных фізікаў мінулага стагоддзя нікуды не знікае.

 

І гэта далёка не ўсё

Сярод нобелеўскіх лаўрэатаў з каранямі ў Беларусі таксама называюць Шэлдана Лі Глэшоу (фізіка), Алана Хігера (хімія), Леаніда Кантаровіча (эканоміка), Марціна Льюіса Перла (фізіка), Фрэдэрыка Райнеса (фізіка), Стэнлі Прузінера (фізіялогія і медыцына). Адзін з лаўрэатаў, Жарэс Алфёраў (фізіка), нарадзіўся ў Віцебску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі