У Грузіі завочна асуджаны экс-прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі

У Грузіі завочна асуджаны экс-прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі

У Грузіі завочна асуджаны на тры гады зняволення экс-прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі. Яго справу разглядаў Тбіліскі гарадскі суд і прызнаў вінаватым у “злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі”. У якасці пакарання былі прызначаныя чатыры гады, але тэрмін быў скарочаны на год паводле закона аб амністыі.

Як інфармуюць грузінскія СМІ, Саакашвілі, калі яшчэ быў грузінскім прэзідэнтам, незаконна паабяцаў кіраўніку Дэпартамента канстытуцыйнай бяспекі Даце Ахалая, што памілуе асуджаных за забойства ў 2006 годзе супрацоўніка “Аб’яднанага банка Грузіі” Сандро Гіргвліяні. Праз нейкі час ён памілаваў чатырох чалавек (афіцэраў) і стварыў прававы механізм для ўмоўна-датэрміновага вызвалення асуджаных. Дзяржаўны адвакат Саакашвілі Соф’я Гагрычыдзэ лічыць, што “ідзе палітычнае пераследаванне”, парушаная Канстытуцыя.

Адзначым, што Саакашвілі праходзіць у Грузіі і па іншых справах. Гэта і перавышэнне службовых паўнамоцтваў у справе аб разгоне акцыі пратэсту ў лістападзе 2007-га, і збіццё парламентара Валерыя Гелашвілі. У апошнія гады былы грузінскі прэзідэнт жыве ва Украіне, мае яе грамадзянства. Нейкі час ён быў дарадцам прэзідэнта Пятра Парашэнкі, пасля кіраваў Адэскай вобласцю. Аднак апошнім часам Міхаіл Саакашвілі стаў адным з самых вядомых крытыкаў украінскіх уладаў, арганізуе вулічныя акцыі пратэсту. На яго ва Украіне распачалі крымінальную справу, якая датычыць фінансавання мітынгаў і дэманстрацый.

Міхаілу Саакашвілі 50 гадоў. Ён быў адным з лідараў “рэвалюцыі ружаў” лістапада 2003-га, а пасля — прэзідэнтам Грузіі ў 2004-2007 і 2008-2013 гадах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі