Вы тут

У гродзенскім медуніверы адмянілі лекцыі, студэнты кажуць пра ўспышку адру

gs.by

Гродна стаіць на вушах. Па горадзе паўзуць чуткі пра эпідэмію адру, эпіцэнтрам якой стаў мясцовы медуніверсітэт. Маўляў, нехта са студэнтаў прывёз небяспечную хваробу з-за мяжы і заразіў іншых. Ці праўда гэта?

“Маю групу сітуацыя з адром закранула, — распавядае Еўрарадыё студэнтка 4-га курса гродзенскага медунівера. — У нас групы маленькія — па 11 чалавек. Мая аднагрупніца ляжыць у інфекцыйнай бальніцы. Лекары паставілі дыягназ — адзёр. Ляжыць яна там з нядзелі [з 26 траўня. — Еўрарадыё]”.

Першыя тры дні адру праходзяць як звычайная прастуда: тэмпература, кашаль. Аднагрупніца нашай суразмоўніцы ўвесь гэты час хадзіла ва ўніверсітэт, нягледзячы на дрэнны стан здароўя.

“У нас проста апошнія тыдні навучання, адпрацоўваем заняткі. Таму ходзім на іх нават хворымі. Лечымся “на хаду”, бо не хочацца, каб заставаліся акадэмічныя запазычанасці”, — працягвае студэнтка.

Цяпер група трапіла на “асаблівы ўлік”, бо студэнты вельмі доўга кантактавалі з заражанай. Аднагрупнікам трэба штодня адзначацца ў медпункце ўніверсітэта, паведамляць пра свой стан здароўя:

“Сёння ў нашай групы адмянілі пары, наколькі ведаю, сёння ва ўсім універы адмянілі патокавыя лекцыі (на іх бывае па 180 студэнтаў), то-бок каб не збіралася шмат людзей у адным памяшканні”.

Наша суразмоўніца не бярэцца ацаніць маштабы распаўсюджання адру па Гродне. Тэлеграм-канал NEXTA мае інфармацыю ад ананімнай крыніцы, што ў гродзенскай інфекцыйнай бальніцы з адром ляжыць 19 чалавек. Пацвердзіць гэтую інфармацыю ў Еўрарадыё не атрымалася: у прыёмным аддзяленні па тэлефоне кажуць, што “ўсё кіраўніцтва на нарадзе і зараз не можа размаўляць”.     

Мінздароўя адрэагавала на чуткі, выпусціўшы прэс-рэліз па сітуацыі з адром у Беларусі. Там сцвярджаецца, што ў Гродне з пачатку 2019 года зарэгістравана толькі 15 выпадкаў гэтага захворвання.