У Гродне знішчаны чарговы помнік гісторыі

1 жніўня ў Гродне канчаткова зруйнавалі помнік архітэктуры канца XVIII стагоддзя. Будынак быў уласнасцю гродзенскай епархіі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы. Гаворыць гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:

"Гэта быў флігель палаца віцэ-адміністратара, другой паловы XVIII стагоддзя. У тыя часы ён выконваў функцыю стайні і карэтнай. Гэты будынак быў самай старой аўтэнтычнай стайняй, якая захавалася на тэрыторыі Беларусі“.

Пасля трох месяцаў вырашэння лёсу флігеля, які быў цалкам захаваны з 1794 года, яго усё ж зруйнавалі. Аргументуюць гэты акт вандалізму па-рознаму. Па-першае, кажуць, што флігель быў у вельмі кепскім стане, каб яго рэканструяваць.

Андрэй Вашкевіч кажа адваротнае:

“Ён быў у вельмі добрым стане. Гэта пацвердзіла незалежная экспертыза, якую праводзіў мінскі архітэктар Андрэй Шувалаў. Яго можна было аднаўляць у аўтэнтычным выглядзе, там нават кроквы, драўляныя перакрыцці дахаў, былі з XVIII стагоддзя”.

Іншы аргумент — будаўніцтва царквы, якая на гэтым месцы нібыта калісьці была. Навукова-метадычная рада 19 красавіка нават дала дазвол на рэканструкцыю — пры умове захавання старажытных сценаў.

Андрэй Вашкевіч: “У аўтэнтычным будынку XVIII стагоддзя царквы ніколі не было, а нават калі ў пазнейшы перыяд і была пры палацы царква, то знаходзілася яна ў іншым флігелі”.

Але надалей Царква настойвае на тым, што на месцы гістарычнага помніка будзе збудаваны храм. Сцяпан Свідзерскі, грамадскі інспектар па ахове помнікаў архітэктуры, сцвярджае, што, магчыма, на месцы флігеля гродзенская епархія будаваць царкву і не збіралася, бо пашпарта аб’екта не існуе. Свідзерскі мяркуе, што адказнасць за знішчэнне флігеля ляжыць як на ўладах горада, так і на Царкве:

“Царква была цалкам згодная з гэтым зносам, і хутчэй за ўсё ініцыятыва зыходзіла ад яе. Краязнаўцы, грамадства і журналісты давялі да ведама кіраўніцтва гродзенскай епархіі: тое, што яны робяць, гэта крымінальнае злачынства, але ніхто не пажадаў гэта спыніць.

Трэба дадаць, што дзеянні гродзенскай епархіі вельмі моцна падрываюць аўтарытэт Праваслаўнай Царквы. Магчыма, што гродзенская грамадскасць будзе звяртацца да патрыярха маскоўскага Алексія ІІ з патрабаваннем змяніць кіраўніцтва гродзенскай епархіі”.

Помнік можна было б выратаваць, калі б была прынцыповая пазіцыя Праваслаўнай Царквы, лічыць Андрэй Вашкевіч. Аднак Царква прамаўчала. Беларусь і, па вялікім рахунку, Еўропа згубілі чарговы помнік гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі