У Гомелі не дазволілі правесці вулічнае шэсце

У Гомелі не дазволілі правесці вулічнае шэсце

Гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны разам з прадстаўніком незалежнага прафсаюзу РЭП у рэгіёне Віктарам Казловым падавалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне вулічнага шэсця. Яго мэтай ініцыятары пазначылі тлумачэнне выбаршчыкам іх права не толькі адмовіцца ад удзелу ў датэрміновым галасаванні, але і не галасаваць у асноўны дзень.

Судаленка: “Улада з любых сродкаў масавай інфармацыі, падкантрольных ёй, кажа выбаршчыкам аб абавязках, але не тлумачыць іх правы. Напрыклад, тыя ж студэнты, якіх заганяюць прымусова на датэрміновае галасаванне, студэнты, якія пражываюць у інтэрнатах, маюць права адмовіцца. І няхай іх не пужаюць тым, што іх могуць пазбавіць гэтага інтэрната”.

Планавалася прайсці з транспарантамі ад плошчы Леніна да плошчы Паўстання па вуліцы Савецкай у Гомелі. Аднак гарвыканкам забараніў праводзіць вулічнае шэсце.

Судаленка: “Па шляху шэсця знаходзіцца Гомельскі гарвыканкам, то бок, мясцовая выканаўчая ўлада, бліжэй за 50 метраў да якой падыходзіць нельга падчас правядзення масавых мерапрыемстваў. А таксама гомельскае абласное тэлебачанне, бліжэй чым за 200 метраў да якога таксама немагчыма падыходзіць падчас мірных сходаў".

Яшчэ адной прычынай адмовы стала тое, што арганізатары не заключылі дамовы на абслугоўванне мерапрыемства з боку санітарнай ачысткі горада і хуткай дапамогі. Гэтую прычыну Леанід Судаленка называе “звыклай” і сцвярджае, што за апошнія 10 гадоў дэмакратычна настроеныя грамадзяне Гомеля падалі больш за 700 заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў, ніводная з якіх не была задаволеная.

Праваабаронца лічыць, што абмежаванні, замацаваныя ў законе аб масавых мерапрыемствах, супярэчаць міжнародным абавязкам нашай краіны. Заяўнікі падалі скаргу ў суд Цэнтральнага раёна горада на адмову гарвыканкама.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі