Вы тут

У Германіі будзе новы канцлер — што гэта значыць для Беларусі?

Армін Лашэт, Аналена Бербак і Олаф Шольц / Zeit​

Эпоха жалезнай фрау Ангелы Меркель, якая ўзначальвала Германію амаль 16 гадоў, скончылася: у Германіі прайшлі федэральныя выбары, у якіх яна вырашыла не вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду канцлера. Цяпер на пасаду прэтэндуюць лідары дзвюх партый, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў, і ўсё будзе залежаць ад таго, хто зможа ўзначаліць кааліцыю.

Пакуль немцы разбіраюцца ў сваёй унутранай палітыцы, расказваем, што патэнцыйныя канцлеры думаюць і гавораць пра Беларусь і як можа складвацца знешняя палітыка Германіі ў дачыненні да нашай краіны.

 

Робат Шольц

Кандыдата ў канцлеры ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) Олафа Шольца часта параўноўваюць з робатам за абсалютную адсутнасць эмоцый у маўленні. А амаль два дзясяткі гадоў таму прэса і зусім узнагародзіла яго мянушкай "Шольцамат".

Зрэшты, эмацыянальнасць для кіраўніка — не галоўнае. Шольц паказаў гэта на пасадзе спачатку бургамістра Гамбурга, а з 2018-га — віцэ-канцлера і міністра фінансаў па сумяшчальніцтве.

На пасадзе віцэ-канцлера восенню 2020-га Шольц сустракаўся са Святланай Ціханоўскай — тады гэта яшчэ не было "мэйнстрымам" сярод еўрапейскіх палітыкаў. Мяркуючы па здымках, размаўлялі яны цёпла. І не дзіўна, бо па "беларускай тэматыцы" Шольц выказваўся і да сустрэчы з Ціханоўскай: ён ведаў, што адбываецца ў краіне.

Святлана Ціханоўская і Олаф Шольц

17 жніўня 2020-га Шольц у каментары аднаму з найбуйнейшых нямецкіх СМІ, Bild, назваў Лукашэнку нелегітымным кіраўніком, "жахлівым дыктатарам" і заклікаў сысці. Тады ж віцэ-канцлер выказаўся за тое, што Еўрасаюз павінен заняць "рашучую і ясную" пазіцыю па беларускім пытанні.

Зноў гучна выказваўся пра Беларусь Шольц пасля сітуацыі з прымусовай пасадкай Ryanair у траўні 2021-га. Палітык быў сярод тых, хто першым заклікаў Еўрасаюз да больш рашучых санкцый пасля інцыдэнту.

У цэлым у адносінах да Беларусі і Расіі, заяўляў Шольц, неабходная новая палітыка з боку Еўрасаюза. У аснове павінен быць дыялог і мірнае суіснаванне, але памятаем: СДПГ левацэнтрысты, і правы чалавека для іх таксама не зусім пусты гук.

Але нямецкая палітыка — гэта не толькі лідар, але і партыя, якая стаіць за ім. І СДПГ мае больш чым выразную пазіцыю па Беларусі. Напрыклад, дзейны міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас сябра гэтай партыі, і ён неаднаразова выказваўся ў падтрымку Беларусі.

Ён некалькі разоў меў зносіны са Святланай Ціханоўскай, абвяшчаў пра вылучэнне сродкаў на падтрымку рэпрэсаваных беларусаў і падтрымліваў ідэю пераносу ЧС па хакеі з Мінска.

Пазіцыю праяўляюць і іншыя сябры СДПГ: напрыклад, некалькі дэпутатаў бундэстага, якія прадстаўляюць партыю, вылучалі на Нобелеўскую прэмію міру Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкала.

 

Пратэжэ Меркель

Хрысціянска-дэмакратычны саюз Германіі, родная партыя Меркель, на гэтых выбарах пазіцыі здала. Зрэшты, яе лідар Армін Лашэт заяўляе пра гатоўнасць фармаваць урад. Як і Шольцу, для гэтага яму неабходна ўступіць у кааліцыю з іншымі партыямі.

Лашэт займае пасаду прэм'ер-міністра зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія, таму яго клопатам па пасадзе былі больш унутраныя справы, чым знешняя палітыка. Праўда, калі выхадка Лукашэнка набыла пэўны абарот, і ён выказаўся.

"Калі Беларусь пагражае свабодзе грамадзянскай авіяцыі ў час палёту паміж дзвюма краінамі-сябрамі Еўрапейскага саюза, Еўрапейскі Савет павінен разабрацца з наступствамі. Арыштаваны апазіцыянер Раман Пратасевіч павінен быць неадкладна вызвалены", — заявіў ён пасля інцыдэнту з Ryanair.

Праз некалькі тыдняў Лашэт сустрэўся ў Берліне са Святланай Ціханоўскай і выказаў падтрымку ёй і беларускаму народу.

Святлана Ціханоўская і Армін Лашэт / Nadine Zilliges

Улічваючы, што Лашет — аднапартыец Меркель, наўрад ці яго погляды ў знешняй палітыцы былі б моцна адрозныя ад яе. Ён прыхільнік дыялогу, не выступаў супраць будаўніцтва "Паўночнага патоку – 2" і нават выказваўся пра "дэманізацыю Пуціна".

Зрэшты, "аматарам Крамля" яго таксама назваць нельга: Лашэт патрабаваў вызвалення Аляксея Навальнага і заяўляў пра анексію Крыма.

Рыторыка ХДС што ў дачыненні да Беларусі, што Расіі не такая жорсткая, як у СДПГ. Дый фактычна, калі канцлерам стане пратэжэ Меркель, наўрад ці сур'ёзныя змены адбудуцца. Хоць і ёсць "але".

 

А міністр чый?

У кааліцыйным урадзе многае можа залежаць ад наступнага міністра замежных спраў — і партыі, якую ён прадстаўляе.

— На цяперашні момант найбольш імавернымі ўяўляюцца дзве кааліцыі: "Ямайка" (хрысціянскія дэмакраты, "Зялёныя" і лібералы) або "Святлафор" (сацыял-дэмакраты, "Зялёныя" і лібералы). І гэта кааліцыі з дзвюма самымі "прабеларускімі" партыямі — "Зялёнымі", якім прадракаюць кантроль над МЗС Германіі, і лібераламі, якія набіраюць 11-12%, мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман і дадае: — Гэты расклад — выдатны вынік для прыхільнікаў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

І сапраўды, "Зялёныя", якія занялі трэцяе месца і прадстаўнікі якіх 100% будуць ва ўрадзе і, як мяркуе Фрыдман, у кіраўніцтве МЗС, вельмі актыўна падтрымліваюць Беларусь. Партыя заклікала ўсіх далучацца да абвешчанага Ціханоўскай дня салідарнасці з Беларуссю, патрабавала пашырэння дапамогі дэмакратычнаму руху і павелічэння ціску на Лукашэнку.

Лідар "Зялёных" і кандыдат у канцлеры Аналена Бербак таксама актыўная: напрыклад, яна падтрымлівала зварот з заклікам зрабіць суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам адкрытым, сустракалася з Ціханоўскай і ўдзельнічала ў акцыях салідарнасці. Словам, ні пра якую "згаворлівасць" у духу хрысціянскіх дэмакратаў у гэтым выпадку гаворкі не ідзе.

Святлана Ціханоўская і Таццяна Хоміч на сустрэчы з лідарамі "Зялёных" Аналенай Бербак і Робертам Хабекам

"Свабодная дэмакратычная партыя", якая ідзе чацвёртай і таксама мае магчымасць атрымаць прыкметны ўплыў у палітыцы Германіі, пра Беларусь асобна згадвала ў сваёй перадвыбарнай праграме: патрабавала вызваліць палітзняволеных і правесці новыя выбары. Лідар партыі Крысціян Лінднер выразна абазначыў сваю пазіцыю яшчэ 10 жніўня 2020-га, выйшаўшы на спантанны мітынг да амбасады Беларусі ў Берліне.

Крысціян Лінднер на мітынгу ля амбасады Беларусі / @krstdt

Хто стане канцлерам, а хто міністрам замежных спраў, стане зразумела толькі пасля фармавання новага ўрада. Перамовы спешкі не любяць, таму ў Германіі ўжо заявілі пра магчымасць завяршыць іх да Калядаў. Так што калі змены ў пазіцыі Берліна па Беларусі і будуць, то праз некалькі месяцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.