У Ганцавічах стралялі каля чыгуначнага пераезду

Перастрэлка адбылася днямі каля чыгуначнага пераезду ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Мясцовыя жыхары выклікалі міліцыю.  Праваахоўнікі прыбылі аператыўна і заспелі там дзве групы хлопцаў, якія ўчынілі “разборку” -  пяцёра супраць двух. Аднак у аднаго з апошніх быў важкі аргумент – паляўнічая стрэльба. З яе ён і стрэліў у накірунку нападаючых.

Паводле папярэдніх звестак, прычынай канфлікту стала тое, што сястру аднаго з хлопцаў без яе згоды вырашылі пакатаць на машыне.

Але на гэтым здарэнні каля чыгуначнага пераезду ў Ганцавічах не скончыліся. На вачах у праваахоўнікаў у аўтамабіль, на якім на месца здарэння прыехаў высокі міліцэйскі чын, урэзаўся “бумер”, якім кіраваў нецвярозы малады хлопец.

Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Ганцавічы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі