Вы тут

У "Дамачава" затрымалі аўтамабіль з 70 кг экстазі

gpk.gov.by

У пункце пропуска "Дамачава" на беларуска-польскай мяжы затрымалі аўтамабіль з буйной парыяй псіхатропаў. Як паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта, увечары 16 траўня па "чырвоным" канале з Польшчы ў Беларусь ішоў пазадарожнік Volkswagen, за рулём якога быў 51-гадовы грамадзянін Славакіі.

Наяўнасць наркатычных сродкаў у аўтамабілі выявіў службовы сабака. Правялі паглыблены дагляд і знайшлі ў газавым балоне пакеты з таблеткамі агульнай масай 70,2 кг, а ў парогах аўтамабіля — брыкеты з рэчывам белага і карычневага колеру агульнай масай 12,5 кг.

Экспертыза паказала, што таблеткі ўтрымліваюць асабліва небяспечнае рэчыва МДМА, гэтак званае экстазі.  Рэчыва з брыкетаў яшчэ вывучаюць.

Наркакур'ер затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Заведзеная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 328-1 (незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз мяжу).