У Быхаўскім раёне прыбіральшчыца атруцілася ртуццю (фота)
38-гадовая жыхарка Быхаўскага раёна атруцілася парамі ртуці. Паведамленне пра гэты інцыдэнт паступіла ў МНС позна ўвечары 28 верасня ад медыкаў раённай лякарні, куды трапіла пацярпелая.
Паводле папярэдніх звестак, жанчына атрымала атручэнне на тэрыторыі прадпрыемства, размешчанага ў вёсцы Гадылёва, дзе яна працуе прыбіральшчыцай. Яна прыбрала разлітую ртуць і пайшла дадому, дзе адчула сябе блага. Хуткая дапамога даставіла яе ў лякарню.
Выратавальнікі выехалі на прадпрыемства, дзе здарыўся інцыдэнт. Там знайшлі разліў ртуці на плошчы каля 5 квадратных метраў. Сабрана каля 1 кілаграма адкідаў з утрыманнем атрутнага металу. Абставіны інцыдэнту высвятляюцца, паведамляе прэс-служба МНС.
Фота: МНС