У Бруселі абмяркоўваюць ваенную дапамогу для Украіны — 357-я раніца вайны

У сустрэчы ў Брусэлі, дзе абмяркоўваюць дапамогу Украіне, прымаюць удзел прадстаўнікі 54 краін / facebook.com/GeneralStaff.ua
У сустрэчы ў Брусэлі, дзе абмяркоўваюць дапамогу Украіне, прымаюць удзел прадстаўнікі 54 краін / facebook.com/GeneralStaff.ua

Сёння ў Бруселі на сустрэчы Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны (так званы "Рамштайн") будуць абмяркоўваць пастаўкі Кіеву танкаў. Пра гэта паведаміў украінскі міністр абароны Аляксей Рэзнікаў у выніку першага дня сустрэчы. "Заўтрашні графік будзе насычаным. Больш часу нададзім абмеркаванню танкаў", напісаў міністр у сацсетках.

А вось рашэння аб прадастаўленні Украіне знішчальнікаў няма. Пра гэта піша "Голас Амерыкі" са спасылкай на міністра абароны ЗША Лойда Осціна. Па словах кіраўніка Пентагона, цяпер галоўная мэта — дапамагчы Украіне ўтрымацца і правесці контрнаступленне вясной. "Сёння я не маю ніякіх аб'яў адносна самалётаў. Мы збіраемся працягваць супрацоўніцтва з Украінай, каб задаволіць яе самыя надзённыя патрэбы", — сказаў Осцін. Hromadske нагадвае, што Злучаныя Штаты, Германія і Нідэрланды цяпер сумесна працуюць над прадастаўленнем Украіне сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot. Францыя і Італія — сістэм СПА SAMP/T. Шэраг краін абвясцілі пра гатоўнасць дапамагчы з баявымі танкамі Leopard. Для павелічэння магутнасці бронетэхнікі ЗША, Чэхія і Нідэрланды сумесна прадастаўляюць больш за 90 танкаў Т-72. Гэта ў дадатак да тых танкаў Т-72, якія ахвяруе Польшча. Плюс Вялікабрытанія перадасць групу асноўных баявых танкаў Challenger.

"Гэтая кантактная група выразна дала зразумець, што мы будзем падтрымліваць барацьбу Украіны за свабоду ў доўгатэрміновай перспектыве, а таксама дапамагаць Украіне ўтрымлівацца і прасоўвацца падчас вясновага контрнаступлення", — падкрэсліў Осцін. Адзначым, у сустрэчы ў Брусэлі прымаюць удзел прадстаўнікі 54 краін.

В Брюсселе обсуждают военную помощь для Украины — 357-е утро войны
Сустрэча групы "Рамштайн" у Бруселі / twitter.com/oleksiireznikov

Першы дзень чарговага пасяджэння "Рамштайна" у Брусэлі прынёс "моцныя пастановы", кажа прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Аднак далёка не пра ўсё, па яго словах, "можна паведамляць публічна". Са слоў Зяленскага, партнёры пацвердзілі планы даць больш сродкаў супрацьпаветранай абароны, танкаў, артылерыі і снарадаў, а таксама навучыць украінскіх вайскоўцаў.

Зяленскі ў традыцыйным відэазвароце казаў і аб сітуацыі на фронце. Яна застаецца вельмі цяжкай — асаблівай у Данецкай і Луганскай абласцях. "Гэта баі літаральна за кожны метр украінскай зямлі", — кажа ўкраінскі прэзідэнт.

З Углядара, які кругласутачна штурмуюць расіяне, напярэдадні эвакуявалі апошняе дзіця. Гэта 15-гадовы сын святара. Яго разам з сям'ёй вывезлі падчас стралковага бою, паведамляе Нацыянальная паліцыя Украіны. Раней сям'я хлопца, нягледзячы на ўгаворы праваахоўнікаў, катэгарычна адмаўлялася пакідаць горад. Апошні час сям'я жыла ў падвале шматпавярховага дома, які размешчаны на ўскраіне, у кіламетры ад расійскіх войскаў. Цяпер ва Углядары застаюцца больш за 300 дарослых, якія адмаўляюцца пакідаць родны горад, кажуць у паліцыі.

У мінулыя суткі расіяне вялі наступальныя дзеянні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Украінскія вайскоўцы адзначаюць, што "за мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах больш за 20 населеных пунктаў" у Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласцях.

Цяжкія баі ідуць у гарадской забудове на ўсходніх ускраінах Бахмута, а таксама ў раёне вёскі Параскавіеўка ў Бахмуцкім раёне, паведамляе расійская крыніца "Рыбар".

В Брюсселе обсуждают военную помощь для Украины — 357-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай, Луганскай і часткова Данецкай абласцях / understandingwar.org

Расія ўпершыню за апошнія 30 гадоў выводзіць у моры караблі з тактычнай ядзернай зброяй. Пра гэта піша Politico са спасылкай на справаздачу нарвежскай выведкі за 2023 год. Паводле інфармацыі выведкі Нарвегіі, ключавая частка ядзернага патэнцыялу размяшчаецца на падводных лодках і надводных караблях Паўночнага флоту.

Ваенныя караблі Паўночнага флоту выходзілі ў мора з ядзернай зброяй толькі ў часы Халоднай вайны. Сучасная Расія гэта зрабіла ўпершыню. На думку нарвежскай выведкі, нельга адкідаць перарастанне лакальнай вайны ў больш шырокі канфлікт з удзелам ЗША, NATO і Нарвегіі.

Тым часам Украіну могуць падключыць да роўмінгу ЕС. Еўракамісія пагадзілася ўключыць сумесны роўмінг у Пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім Саюзам. "Гэта першы раз, калі мы прапануем адкрыць нашу зону "за мяжой, як і дома" на доўгачасовай аснове для краіны, якая не ўваходзіць у ЕС. Гэта таксама першы крок да магчымай далейшай інтэграцыі ў тэлекамунікацыйнай галіны", — растлумачыў камісар ЕС па пытаннях унутранага рынку Цьеры Брэтон. Цяпер прапанову Еўракамісіі разгледзіць Савет ЕС.

Нагадаем, мінулым летам Еўрапейскі савет прадаставіў Украіне статус кандыдата ў члены ЕС. Але каб пачаць перамовы аб уступленні, Украіна павінна выканаць шэраг рэкамендацый Еўракамісіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі