У Брэсцкім парку суіснуюць братняя магіла, дыскатэка, прыбіральня і цір

І гэта мала каму замінае. Думка даследаваць адносіны да магілы і помніка ўзнікла, калі летась вяліся баталіі за Бронзавага салдата ў Таліне. Найперш карэспандэнт Еўрарадыё выправіўся ў музей горада. Там пра пахаванне ў цэнтры горада распавялі наступнае:  

Прдастаўніца музею: Парк 1-га Мая быў заснаваны ў 1906 г. салдатамі Лібаўскага палка. Мемарыял ля ўвахода ў парк паўстаў у 1947 г. Пахаваныя там салдаты, якія загінулі ў баях за вызваленне горада, але і з усёй Заходняй Беларусі, нават з Польшчы, Усходняй Германіі ёсць тут загіблыя. У 2006 г. рабілі рэстаўрацыю парка, дык таксама адкапалі парэшткі. Агулам у братняй магіле 70 пахаванняў, з іх 10 — Герояў Савецкага Саюза.

Ад музея да братняй магілы, што на ўваходзе ў парк, якіх сто метраў. Распытаўся ў мінакоў, што яны думаюць пра спалучэнне мемарыяла Герояў і парка. Стараўся вылічваць і не распытваць тых, хто спяшаўся “налева” ў грамадзкую прыбіральню ля ўвахаду.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да спалучэння гарадскога парка і мемарыяла?
Мужчына: Ну, нармальна. Усё-такі людзі тут адпачываюць, і я думаю, што ім цікава будзе пазнаёміцца, пачытаць там…
Мінак сярэдніх гадоў: Ну х-ха… зараз падумаю… Ну думаю, так, так, каб людзі ішлі ў парк і адначасова глядзелі на помнік.
Жанчына: Нармальна, усе людзі ідуць і глядзяць. Мне здаецца, вельмі нармальна.
Атлетычны малады чалавек: – Я як усе!
Школьнік: Дык мы прыезджыя. Вось, ідзём у цір.
Навучэнец, таксама ідзе страляць: Калі вы хочаце яго прыбраць, то гэта не да нас.
Маладая мама: Гэта вельмі неадназначна. Можа быць, гэта хутчэй няправільна.

Выпадкова зачапіў школьнікаў, якія ішлі з дыскатэкі: Ну дык калі падумаць то мне не так весела становіцца…Зусім нявесела.

Сустрэліся па дарозе знаёмыя медыкі і зацікавілі меркаваннем: У парк людзі ходзяць адпачываць, а калі месца адпачынку…сумешчанае з месцам вечнага адпачынку, дык мне не хацелася б там адпачываць.

А вось меркаванне выдаўца газеты “Царква”, краязнаўца Ігара Бараноўскага: Столькі людзей пахавана ў месцы масавага адпачынку… Гэта насамрэч цяжка для хрысціянскага розуму дый для любога нармальнага чалавека. Гэта спадчына савецкай улады, яе плады, і з імі даводзіцца нам разбірацца.  Мемарыяльнае месца патрабуе засяроджання і цішыні. Што каля самага ўваходу — дык тут часта розныя атракцыёны, клоўны ўсялякія… Недарэчна. 


Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі