У Брэсце выявілі падпольны мясакамбінат

Дэпартамент фінансавых расследаванняў разам з Камітэтам дзяржкантролю выявілі і зачынілі ў Брэсце падпольны мясакамбінат, піша "СБ — Беларусь сегодня". Арганізаваная група больш за год закупляла і прадавала няякаснае мяса, лівер і паўфабрыкаты на тэрыторыі Брэста, Брэсцкага, Драгічынскага, Кобрынскага, Камянецкага і Маларыцкага раёнаў.

Па словах намесніка начальніка УДФР КДК па Брэсцкай вобласці Алега Кучыца, падпольны мясакамбінат дзейнічаў шырока. У спецыяльна абсталяваным гаражы былі арганізаваныя разбіранне туш, замарозка і захоўванне мяса. Гараж плошчай 100 квадратных метраў быў абсталяваны трыма ўязнымі брамамі, праз якія маглі праязджаць нават магутныя рэфрыжэратары.

Арганізатары падпольнага мясакамбіната куплялі ў гаспадарках мяса хворых жывёл і, магчыма, мёртвых. Агулам у сельгаспрадпрыемстваў падазраваныя купілі за наяўныя грошы 115 галоваў буйной рагатай жывёлы і коней. Мяса прадавалі пераважна на брэсцкім рынку. Расследаванне яшчэ не завершанае, але ўжо вядомыя 12 фактаў продажу мяса фізічным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам на значныя сумы.

У махляроў канфіскавалі 5 тон туш.

Фота — sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі