У бліжэйшыя дні беларусы стануць мільянерамі

Міністэрства статыстыкі падлічыла, што сярэдні заробак беларусаў павялічыўся на 50 тысяч. Як гэта атрымалася ва ўмовах крызісу, спаду вытворчасці і масавых скарачэнняў? Еўрарадыё звярнулася да вядомых беларускіх эканамістаў і таго ж Мінстата Леанід Заіка кажа, што пры цяперашняй інфляцыі падвышэнне заробку на 50 тысяч не вельмі істотнае для эканомікі, а беларусам прыемна — хутка яны зробяцца мільянерамі.

Леанід Заіка:
"Справа ў тым, што існуе ўстаноўка на павелічэнне вытворчасці. Прадпрыемствы працуюць на склад. А паколькі людзі ходзяць на працу і павінны за зробленую прадукцыю атрымоўваць грошы, то яны іх атрымоўваюць. Да таго ж часткова павялічваюцца выдаткі. Тым самым заробак і прыпісваюць, павялічваюць... Хутка сярэдні заробак будзе пад мільён, да гэтага адзін крок застаўся, калі ў лютым сярэдні заробак  складаў яшчэ 924 935 рублёў, то ў сакавіку ўжо — 976 609. На гэтым фоне 50 тысяч — гэта 5% пры інфляцыі ў 6%".

Другі эканаміст, Леанід Злотнікаў, прыводзіць дадзеныя апытання Незалежнага інстытута сацыялагічных і эканамічных даследаванняў. Там апытаныя адзначаюць, што іх даходы паменшыліся. Таму ўзнікае пытанне да Мінстату, адкуль яны ўзялі гэтыя грошы? Тым больш, што лічбы па адной справаздачы супярэчаць іншым лічбам.

Леанід Злотнікаў: "Трэба пытаць у Мінстату, адкуль узяліся грошы. Калі мы возьмем заробкі за люты па форме Мінстата, якая за 2 месяцы, то можна вылічыць, што па ім сярэдні заробак атрымліваецца 864 тысячы. А калі ўзяць дадзеныя за 3 месяцы, тады атрымліваецца 924 тысячы. Вельмі вялікая розніца паміж дадзенымі Мінстата".

Таксама, на заробак магло паўплываць тое, што ў сакавіку больш дзён, чым у лютым. Таму тым, хто працуе здзельна, заплацілі больш, кажа спадар Злотнікаў.

Іншага погляду прытрымліваецца эканаміст Аляксандр Чубрык. Ён лічыць, што гэта сезоннае падвышэнне, бо менавіта ў сакавіку бюджэт пачынае выдаткоўваць грошы ды адраджаецца вытворчасць.

Аляксандр Чубрык: "Падвышэнне заробкаў у сакавіку — гэта сезонная рэч. Чым яна выкліканая? Якраз прыкладна ў гэтым месяцы бюджэт пачынае выдаткоўваць грошы на розныя праграмы, трошкі адраджаецца вытворчасць, ну і пачынаюць падвышаць заробкі".

Увогуле, Аляксандр Чубрык перасцерагае ад параўнання дадзеных за кароткія перыяды. Трэба параўноўваць кварталы і гады, кажа эканаміст.

Аляксандр Чубрык: "Ведаеце, ніколі не параўноўвайце заробкі з папярэднім месяцам. Калі, напрыклад, мы параўнуем сярэднія заробкі у рэальным вымярэнні за гэты і мінулы квартал, то мы ўбачым, што рэальны заробак скараціўся на 10,3%. Тым часам у I квартале 2008 года ў параўнанні з IV кварталам 2007 года ён скараціўся ўсяго на 3%. То бок і тут і там скарачэнне, але ж тут скарачэнне шмат грубейшае".

Што да Міністэрства статыстыкі, дык там кажуць, што іх справа лічыць, а не думаць, адкуль з'явіліся грошы. Вось што сказалі Еўрарадыё ў прэс-службе Мінстата: "Задача статыстыкі — сабраць інфармацыю аб цякучым стане. А чаму павялічылася — гэта не нашыя функцыі".

Фота - bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі