У Беларусі знайшлі рэдкія лісічкі
Рэдкі грыб трапіўся Аляксандру Гарбацэвічу / фота з яго старонкі ў Інстаграме
Блогер-грыбнік Аляксандр Гарбацэвіч знайшоў у Беларусі рэдкі для нашых лясоў грыб — лісічку булавападобную. Відэа трафея ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram.
Мужчына кажа, што гэта была ягоная мара: "Мы знайшлі булавападобную, свежую, маладую, класічнай формы лісичку". Ён дадаў, што гэты від грыбоў лічыцца адным з найбольш рэдкіх не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе.
Пару знойдзеных лісічак Гарбацэвіч перадаў у Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Там сказалі, што ў іх калекцыі такога віду яшчэ не было.
Гэтыя грыбы маюць спецыфічнае бэзавае адценне, таму зблытаць іх з іншымі немагчыма. Сам блогер-грыбнік параўнаў колер з маладым парсючком.
Лісічка булавападобная сустракаецца пераважна ў лістоўных лясах, у моху або траве, у лясістых мясцовасцях змешанага тыпу.