У Беларусі змогуць судзіць мёртвых па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса

Вярхоўны суд / Еўрарадыё
Вярхоўны суд / Еўрарадыё

Неўзабаве беларускія суды змогуць судзіць і мёртвых, калі справа датычыць генацыду, ваенных злачынстваў і яшчэ некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Адпаведныя змены ў заканадаўства прадугледжвае праект закона "Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса". Ён падрыхтаваны Саўмінам і ўнесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў.

Паводле новага закона беларускія органы змогуць пачынаць крымінальныя справы супраць мёртвых па наступных злачынствах:

падрыхтоўка альбо вядзенне агрэсіўнай вайны (артыкул 122);
акт міжнароднага тэрарызму (артыкул 126);
генацыд (артыкул 127);
злачынствы супраць бяспекі чалавецтва (Артыкул 128);
вытворчасць, назапашванне альбо распаўсюджванне забароненых сродкаў вядзення вайны (артыкул 129);
экацыд (артыкул 131);
прымяненне зброі масавага паражэння (артыкул 134);
парушэнне законаў і звычаяў вайны (артыкул 135);
злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў (артыкул 136);
бяздзейнасць або адданне злачыннага загаду падчас узброенага канфлікту (артыкул 137).

Тэрміну даўнасці гэтыя артыкулы не мелі і раней, але асудзіць па іх можна было толькі жывых.

Памерлым абвінавачаным па такіх справах будуць вылучаць адваката. Прычым адмовіцца ад яго паслуг будзе нельга, нават калі гэтага захочуць сваякі абвінавачанага.

Орган, які вядзе крымінальны працэс, будзе павінен знайсці блізкіх сваякоў мёртвага абвінавачанага, каб яны маглі стаць яго прадстаўнікамі. Але калі такіх прадстаўнікоў не знойдзецца, суд усё адно пройдзе.

Справу пра генацыд беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны пракуратура расследуе ўжо больш за два гады. Затое ад расследавання дзеянняў сілавікоў падчас разгону мірных акцый пратэсту і ад расследавання смярцей пратэстоўцаў пракуратура ўвесь гэты час ухіляецца або не знаходзіць ніякіх доказаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі