У Беларусі ўвядуць утылізацыйны збор, але знізяць растаможку?

Утылізацыйны збор за аўтамабілі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, увядуць з 1 студзеня 2014 года. Але за 3 тыдні да Новага года ні падатковая, ні Мытны камітэт не ведаюць, які будзе механізм, кажа старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

"Афіцыйна ўказ не апублікаваны, таму афіцыйных крыніцаў у нас няма. Ёсць чуткі і некаторыя праекты. Таксама ёсць інфармацыя з афіцыйных крыніц, што механізм будзе ідэнтычны расійскаму".

У Расіі ёсць утылізацыйны збор. Але мыты на імпартныя аўтамабілі там ніжэйшыя на 5%. Расія была вымушаная знізіць іх пасля ўваходжання ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

"Збор з'явіўся ў якасці кампенсацыі. Яны прыдумалі такую вайсковую хітрасць. Каб падтрымаць выгаднасць набываць аўтамабілі ўнутры краіны", — кажа эксперт з кампаніі "Атлант-М" Дзмітрый Перлін.

Цяпер перад Расіяй стаіць іншая праблема: гандлёвая арганізацыя патрабуе, каб збор браўся з ўсіх, у тым ліку і айчынных, аўтамабіляў.

"Тут Расія зробіць яшчэ адзін хітры фінт. Гэты збор для вытворцаў расійскіх будзе кампенсавацца спецыяльным фондам".

Мыты ў Беларусі на 5% ніхто не зніжае, кампенсаваць таксама ніхто не будзе. Такім чынам, плаціць за гэта давядзецца беларускім пакупнікам. Але раздзімаць паніку раней за час не трэба, бо пакуль ніякіх рэальных зліваў інфармацыі няма. А стаўкі ў расійскіх рублях, якія з'явіліся ў інтэрнэце, выклікаюць сумневы. Бо плаціць расійскімі рублямі немагчыма.

"Калегі-журналісты кінуліся дзяліць шкуру не забітага мядзведзя. Хаця абгрунтаванне нейкае ёсць, але якое — пабачым".

Указ, хутчэй за ўсё, набывае моц з 1 студзеня. Але ніякае міністэрства не прызначана адказным, кажа Ілля Прохараў памочнік гендырэктара холдынга "Атлант-М".

"Мы заўсёды негатыўна ставімся да таго, што можа паўплываць на нашых кліентаў. Зразумела, што аўтамабілі падаражаюць. Гэта аўтаматычна ставіць беларускі рынак у няроўны стан з расійскім. Там мыты ніжэйшыя на 5%, чым у Беларусі. З'явіцца збор, то кошты ў нас будуць горшыя".

Уздымуцца кошты ў такім выпадку больш за ўсё на аўтамабілі коштам меней за 30 тысяч долараў. Такіх летась прадалі каля 80 працэнтаў.

У Аўтамабільнай асацыяцыі спадзяюцца, што пасля ўвядзення збору мыты ў Беларусі знізяць на 5%, як у Расіі.

"Верагодна, што было падпісана пагадненне міжурадавае на час, пакуль не ўвядуць збор. А з моманту ўвядзення збору пошліны будуць уніфікаваныя", — кажа Сяргей Міхневіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі