У Беларусі "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" прызналі "экстрэмісцкай арганізацыяй"

Таварыства з абмежаванай адказнасцю "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" ў Беларусі прызналі "экстрэмісцкай арганізацыяй". Такое рашэнне 14 чэрвеня прыняў Эканамічны суд горада Мінска (па заяве гарадской пракуратуры).

Прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі паведамляе, што дзейнасць "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" ў нашай краіне забараняецца. Яго ліквідуюць. Забараняецца "выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі". Падкрэсліваецца, што "рашэнне падлягае неадкладнаму выкананню".

Калі б таварыства прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", за датычнасць да яго пагражала б крымінальная адказнасць. У выпадку ж з "экстрэмісцкай арганізацыяй" яе толькі ліквідуюць, а на маёмасць могуць накласці арышт.

У траўні 2021-га супраць службовых асоб і журналістаў партала TUT.by распачалі крымінальную справу, затрымалі 15 чалавек. Спачатку іх абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Тады ж "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" пазбавілі льготаў ПВТ, а ўжо сёлета выключылі. Сам партал быў знішчаны сілавікамі (яны канфіскавалі серверы), а ў жніўні мінулага года яго кантэнт прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Большасці з затрыманых (усе яны — палітзняволеныя) сёлета змянілі меру стрымання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.