У Беларусі рыхтуюць закон, які забароніць пакідаць сабак прывязанымі каля крамаў

У Беларусі рыхтуюць закон, які забароніць пакідаць сабак прывязанымі каля крамаў

Гісторыя з сабакам, які задыхнуўся ад спёкі ў машыне каля гіпермаркета ў Мінску, дагэтуль актыўна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках. Ці можна было біць шкло ў машыне, не шукаючы гаспадара, куды трэба звяртацца ў такіх выпадках ды як сябе паводзіць — толькі некаторыя пытанні, якія паўсталі пасля трагедыі. Тым часам таварыства абароны жывёл “Эгіда” падало іск у суд на гаспадароў сабакі за “жорсткае абыходжанне з жывёламі”. Паралельна быў накіраваны ліст у пракуратуру.

У Беларусі рыхтуюць закон, які забароніць пакідаць сабак прывязанымі каля крамаў

“У пракуратуры мы запыталіся, ці павінны былі МНС і міліцыя адрэагаваць на выклік, ці гэта не ўваходзіць у іх службовыя абавязкі, — тлумачыць старшыня таварыства Вераніка Ханцэвіч. — Калі яны ўсё ж мусілі адрэагаваць, то каб людзі, які павялі сябе халатна таксама панеслі пакаранне. Бо менавіта адсутнасць ведаў і пэўная халатнасць гаспадароў сабакі прывяла да гібелі жывёлы, а таксама паспрыяла гэтаму і нежаданне праваахоўнікаў увайсці ў сітуацыю і неяк паўплываць”.

Прадстаўнікі МНС даволі агрэсіўна адрэагавалі на дасланы ў пракуратуру ліст.

“Калі мне прыйдзе ліст з пракуратуры, я ні адну машыну больш не адпраўлю на дапамогу жывёлам. “Эгіда” жадае законнасці? Няхай атрымае яе на 100%! Буду высылаць машыны толькі па запыце “Фаўны горада”, якія афіцыйна і займаюцца ўсімі жывёламі Мінска. Разумныя ўсе сталі!!!” — напісаў у Facebook намеснік кіраўніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.

Калі МНС не абавязана рэагаваць на падобныя выклікі, то, можа, ёсць сэнс зрабіць адмысловую службу, якая б адказвала за дапамогу жывёлам?

“Больш за дзесяць гадоў мы з распрацоўшчыкамі законапраекта не можам прыйсці да згоды і нарэшце ўжо зрабіць гэты закон па абароне жывёл, — працягвае Вераніка Ханцэвіч. — Зааабарончыя арганіхацыі, ведаючы на практыцы, як усё адбываецца, прапаноўваюць адны ідэі, нормы і прапановы, якія на наш погляд павінны быць абавязкова ў законапраекце. Органы, якія распрацоўваюць законапраект, бачаць гэта па-іншаму. Мы прапаноўвалі, напрыклад, на базе органаў унутраных спраў зрабіць нейкі невялічкі аддзел на тры-пяць чалавек, якія б разумелі і былі зацікаўленыя ў дапамозе жывёлам. Бо цяпер падаецца вялікая колькасць заяваў па фактах жорсткага абыходжання з жывёламі, але, напэўна, палова з іх не мае ніякага лагічнага завяршэння. Міліцыі часта проста нецікава гэтым займацца, бо ім хапае іншай працы. Былі размовы, каб грамадскія аб’яднанні надзяліць нейкімі паўнамоцтвамі. Але пакуль усё ўпіраецца ў адсутнасць закона. Таму трэба прыняць закон, які будзе ўтрымліваць нейкія асноўныя моманты, і ўжо абапіраючыся на яго, можна будзе неяк развівацца і нешта абмяркоўваць”.

Цяпер законапраект па абароне жывёл знаходзіцца на разглядзе ў палаце прадстаўнікоў. Адна з асноўных прапановаў — увесці забарону на пакіданне жывёл без нагляду, незалежна знаходзіцца жывёла ў машыне, ці яна прывязаная каля крамы, аптэкі і іншых месцах на вуліцы.

Паводле статыстыкі, у 2016 годзе да крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі было прыцягнута восем жыхароў Беларусі. Згодна з інфармацыяй прэс-службы Вярхоўнага суда, трое з іх былі арыштаваныя, яшчэ трое асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў выхаваўчую установу. Адна асоба падвергнутая пакаранню ў выглядзе штрафу, іншая ― пакаранню ў выглязе грамадскіх працаў.

Пры гэтым судамі разгледжаная 131 справа аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным арт.15.47 КоАП Рэспублікі Беларусь (жорсткае абыходжанне з жывёламі). У выніку 77 чалавек прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці: 71 асоба была аштрафаваная, 6 чалавек патрапілі пад арышт.

У першым паўгоддзі 2017 годзе за жорсткае абыходжанне з жывёлай заведзеная адна крымінальная справа. Асоба атрымала ўмоўны тэрмін.

Пры гэтым сёлета ў суд патрапіла 48 справаў аб аміністрацыйным правапарушэнні. 24 чалавекі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па арт.15.47 КоАП Рэспублікі Беларусь: 23 чалавекі мусяць заплаціць штраф, адзін чалавек арыштаваны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі