У Беларусі рыхтуецца святкаванне 1000-годдзя назвы Літва

У Беларусі створаны грамадскі аргкамітэт святкавання 1000-годдзя назвы Літва пад старшынствам доктара гістарычных навук прафесара Анатоля Грыцкевіча. Акрамя яго ў аргкамітэт "Міленіум Літвы" ўвайшлі пісьменніца Вольга Іпатава, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, доктар медыцынскіх навук Алесь Астроўскі, доктар біялагічных навук Аляксей Мікуліч, археолаг Эдвард Зайкоўскі, мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін, святар Леанід Акаловіч і даследчык Здзіслаў Сіцько.  Сярод мерапрыемстваў, запланаваных аргкамітэтам сёлета, называецца падрыхтоўка публікацый і кніг, правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі і нацыянальнай мастацкай выставы, конкурсу дзіцячага малюнка і музычных канцэртаў, а таксама рэгіянальных святаў у населеных пунктах, у тапонімах якіх прысутнічае слова "Літва" і вытворныя ад яго.

У адозве аргкамітэта паведамляецца, што першае згадванне назвы Літва (Litua) у пісьмовых крыніцах — нямецкіх Кведлінбургскіх аналах - адносіцца да 1009 года. Аўтары адозвы зазначаюць, што назва Літва адносіцца да старажытнай тэрыторыі Беларусі, а цяперашнія беларусы да пачатку XX стагоддзя называлі сябе літвінамі.

"Тэрміны Беларусь і беларусы навязаныя нам расійскай адміністрацыяй у сярэдзіне XIX стагоддзя. Беларусь з'яўляецца галоўнай пераемніцай Вялікага княства Літоўскага. Нашы землі складалі вялікую частку ВКЛ. Менавіта на нашых землях і паўстала вялікая дзяржава ВКЛ, якая аб'яднала ў XV стагоддзі асобныя княствы-землі, у тым ліку Наваградскае, Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае і Гродзенскае", - гаворыцца ў адозве.

Яе аўтары нагадваюць, што ў беларускіх тапонімах і этнонімах захаваліся назва Літва і корань "літ", старабеларуская мова мела статус дзяржаўнай у ВКЛ, а ў першай яе сталіцы - Наваградку - у 1253 годзе каранаваўся першы кароль Міндоўг.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі