У Беларусі пройдзе байк-фэст без дзядзек “у скуры”, распусных дзевак і піва

Фестываль “Волчьи Тропы 2013. Схватка” пройдзе ў чацвёрты раз. 7-9 чэрвеня яго ўдзельнікі пазмагаюцца ў спаборніцтвах па эндура кантры-кросу, квадракросу, сілавых шоў, армрэслінгу ды іншых. А таксама абяруць лепшыя матацыклы ў чатырох намінацыях: самаробны, “шалёны”, прыгожы ды народжаны ў СССР.

Сярод шматлікіх забаўляльных праграм фестывалю — “лятаючыя матацыклісты” FMX13 Аляксандра Калеснікава, якія дагэтуль “зазіралі” у Беларусь толькі аднойчы. “Тэхнічны” складальнік фэсту адрознівае яго ад іншых байкерскіх тусовак і разбівае стэрэатыпы пра байкераў, лічаць арганізатары:

“Заведзена думаць, што байкерскі фестываль — гэта мора піва, дзядзькі ў скуры і распусныя дзеўкі, — скардзіцца Арман Жанайдараў, прадстаўнік мотаклуба "Ночные Волки". — Мы ад гэтага намагаемся адыходзіць. У першую чаргу, мы прапагандуем здаровы лад жыцця, папулярызуем тэхнічныя і нават экстрэмальныя віды спорту і творчасці”.

Канцэртную і шоў-праграмы арганізатары фэсту складалі з разліку, каб было камфортна ўсім прысутным. Разнапланавымі гуртамі “Волчьи Тропы 2013. Схватка” плануе ахапіць максімальную аўдыторыю. Сярод ужо заяўленых удзельнікаў — Крама, Neuro Dubel, Re1ikt, Akute, “Дай Дарогу!”, Steve Cramer Band і іншыя.

 

Фота: auto.tsn.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі