У Беларусі праведзена болей за 290 трансплантацый сэрца

У Беларусі праведзена болей за 290 трансплантацый сэрца

Больш за 290 трансплантацый сэрца праведзена ў Беларусі з 2009 года. Пра гэта ў праграме "Буйным планам" на тэлеканале "Беларусь 1” 20 кастрычніка распавёў дырэктар РНПЦ "Кардыялогія", галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандр Мрочак, паведамляе БЕЛТА.

Па колькасці трансплантацыяў сэрца на душу насельніцтва Беларусь займае 9-е месца ў свеце. Аляксандр Мрочак адзначыў, што краіна павінна падысці да праблемы транспланталогіі з разуменнем важнасці гэтай з'явы.

“Тут трэба мець высокі ўзровень узаемадачыненняў людзей, іх гуманнасці, любові адзін да аднаго, каб рашыцца на тое, каб пасля магчымай раптоўнай смерці пакінуць свой орган камусьці іншаму. Трэба разуменне сваякоў", — адзначыў спецыяліст.

Пры гэтым адмоваў ад донарства ў Беларусі няшмат — сваякі не дазваляюць забраць органы памёрлага толькі ў лічаных выпадках. За правядзенне аперацый па трансплантацыі беларусы не плацяць ні на якім этапе, усё пакрываецца выдаткамі з бюджэту. У прыватнасці, перасадка сэрца для дзяржавы абыходзіцца прыкладна ў 40 тысяч долараў, аортакаранарнае шунтаванне — у 10 тысяч долараў.

Што да замежных пацыентаў, якія прыязджаюць для правядзення трансплантацыі ў Беларусь, найбольш запатрабавана ў іх перасадка сэрца. У асноўным едуць за аказаннем дапамогі з краін былога СССР: Украіны, Расіі, але ёсць таксама пацынты са Швейцарыі, Ізраілю.

Абслугоўванне замежнікаў не шкодзіць чарзе беларусаў на трансплантацыю сэрца. На сёння чарга складае прыкладна 30 чалавек. Калі сэрца не пасуе беларускім пацыентам, а пасуе замежніку, то аперацыю робяць менавіта яму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі