Вы тут

У Беларусі на Валерыя Цапкалу распачалі яшчэ адну крымінальную справу

Валерый Цапкала / З архіву Еўрарадыё

У Беларусі на Валерыя Цапкалу распачалі яшчэ адну крымінальную справу. На гэты раз "за заклікі да дзеянняў, якія ствараць шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (ч. 3 арт. 361 КК). Прэс-служба Следчага камітэта нагадвае, што расследуецца крымінальная справа аб забойстве ў Мінску афіцэра КДБ. І пасля гэтай трагедыі "розныя дэструктыўна настроеныя асобы, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь, сталі заклікаць да гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў і нават да забойстваў".

СК заяўляе, што 29 верасня Цапкала змясціў у інтэрнэце відэа, у якім назваў забойства сілавіка "прыкладам таго, як трэба змагацца". Таксама сцвярджаецца, што ён "публічна заклікаў да ўзброенага захопу дзяржаўнай улады".

Следчы камітэт паведаміў, што крымінальную справу аб'ядналі з вытворчасцю па справе аб карупцыі, раней распачатай у дачыненні Валерыя Цапкалы. Ён быў аб'яўлены ў вышук. Аднак Латвія, у якой жыў з сям'ёй Цапкала, адмовілася яго выдаць. Пазней Цапкалы выехалі ў Грэцыю.

Валерый Цапкала — былы кіраўнік беларускага Парка высокіх тэхналогій, экс-амбасадар Беларусі ў ЗША. Летась ён паспрабаваў паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата, але не быў зарэгістраваны. Цапкала разам з сям'ёй пакінуў краіну пасля атрымання інфармацыі аб магчымым затрыманні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.