У Балгарыі “Пакаленне F” спрабуе звергнуць урад

Ужо 36 дзён у краіне ідуць пратэсты супраць карупцыі. Ранішняя “пратэстная кава” працягваецца вечаровымі акцыямі перад будынкам Савета міністраў. Дэманстранты, абураныя праблемай карупцыі, патрабуюць адстаўкі ўрада, які працуе менш за два месяцы, і правядзення новых выбараў паводле новых правілаў. Euronews цытуе аднаго з пратэстоўцаў:

“Гэта проста ўнікальна, і не толькі ў мяне такое адчуванне, што я жыву ў паліцэйскай дзяржаве, але і ў дзяржаве, якая не мае нічога агульнага са сваім народам”.

Financial Times піша, што на фоне апошніх падзей у Турцыі, Бразіліі і Егіпце падзеі ў Балгарыі заставаліся незаўважанымі. Але акцыі пратэсту, якія тут адбываюцца, з’яўляюцца беспрэцэдэнтнымі па сваім маштабе з часоў падзення камуністычнага рэжыму 20 гадоў таму. Штодзень збіраецца каля 30 тысяч чалавек, дадатковае абурэнне ў якіх выклікала прызначэнне кіраўніком нацыянальнай бяспекі супярэчлівага медыя-магната, 32-гадовага Дэляна Пееўскага. Яго ўрэшце адправілі ў адстаўку, але супакоіць тым самым людзей на вуліцах не атрымалася.

Financial Times: “Урад у значнай ступені ігнараваў пратэсты, разлічваючы, што яны пойдуць на спад з пачаткам курортнага сезона. Міністр абароны Ангел Найдзенаў заявіў, што ўрад меў вялікую нацыянальную падтрымку, таму і няма прычын яго турбаваць”.

PR-эксперт Максім Бехар лічыць, што цяперашнія пратэсты ў Балгарыі могуць працягнуцца даўжэй, чым чакалася. І ўсё дзякуючы сацыяльным медыя. Бо, нягледзячы на нізкі ўзровень заробкаў, Балгарыя з’яўляецца адной з самай прасунутых інтэрнэт-краінаў у Еўропе з прычыны велізарных інвестыцый у высокахуткасны і шырокапалосны інтэрнэт. Таму і з’яўляецца пакаленне маладых і крэатыўных людзей, падключаных да сусветнага сеціва. Максім Бехар называе іх у сваёй кнізе “Generation F” пакаленнем Facebook, Twitter і сацыяльных сетак.

Максім Бехар: "На сённяшні дзень падключэнне да інтэрнэту на сафійскіх вуліцах існуе амаль 24 гадзіны, і, напэўна, гэта з'яўляецца рухаючай сілай пратэстаў у Балгарыі".

Сапраўды, хутчэй за ўсё, пратэсты ў Балгарыі будуць нарастаць і прывядуць да нейкіх пераменаў. Бо, як адзначае Euronews, пасля 5 гадоў сяброўства ў ЕС Балгарыя знаходзіцца ў ніжэйшай частцы табліцы дабрабыту аб’яднанай еўрапейскай супольнасці. А людзі, якія не бачаць прагрэсу, усё больш і больш расчароўваюцца.

Фота: euronews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі