У Бабруйскім Чырвоным крыжы лічаць, што людзей трэба прымушаць рабіць дабро

Бабруйчан загадам гарвыканкаму прымушаюць уступаць у Таварыства выратавання на вадзе (ОСВОД) і Чырвоны крыж.
Лісты з адпаведным зместам, за подпісам старшыні гарвыканкаму Дзмітрыя Бонахава, былі разасланыя кіраўнікам усіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў горада 2 лютага і 10 сакавіка адпаведна.
І калі выратавальнікі абмяжоўваюцца толькі стварэннем пярвічных ячэек, Чырвоны крыж плануе з дапамогай гарвыканкаму “ўступіць” у сваю араганізацыю 100 адсоткаў членаў працоўных калектываў.

Справаздачу аб выкананні неабходна падаць у аддзел ідэалагічнай работы. Еўрапейскае радыё вырашыла высветліць, наколькі гэта адпавядае галоўнаму прынцыпу працы ўзгаданых таварыстваў – добраахвотнасці.

Стварыць пярвічныя ячэйкі выратавальнікаў і праінфарміраваць пра гэта ідэолагаў неабходна было да 1 траўня. Старшыня гарадскога савета ОСВОД Аксана Карсакова кажа, што да патрабавання гарвыканкаму прыслухаліся не ўсе. Мала таго, замест запланаваных 30 мільёнаў членскіх унёскаў сабраць пакуль удалося толькі 15.

Аксана Карсакова
: “У нас з 260 разасланых лістоў адрэагавалі толькі на 186. Анатоль Ціханавіч Глаз сказаў, што трэба сабраць 30 мільёнаў на горад, мы сабралі толькі 15”.

Патлумачыла старшыня выратавальнікаў і тое, як у Бабруйску разумеюць прынцып добраахвотнасці.

Аксана Карсакова
: “Справа ў тым, што мы зараз не проста грамадскае, а дзяржаўна-грамадскае таварыства. Таму і не зусім дабраахвотнае. Мы ратуем чалавечыя жыцці, адпаведна, у гэтым павінны прымаць удзел усе”.

Кіраўніца таварыства шкадуе, што ОСВОД не стаіць на дзяржзабеспячэнні, як, да прыкладу, рыбнагляд. Праўда, кажа, яны выпісваюць штрафы, і такім чынам папаўняюць казну. Каго і за што маглі б штрафаваць выратавальнікі, Аксана Карсакова не патлумачыла. Але сцвярджае, што калі сітуацыю не паправіць у бліжэйшы час, у Бабруйску не будзе каму ратаваць тапельцаў.

Намеснік старшыні прэзідыума Бабруйскага таварыства Чырвонага крыжа Генадзь Пракаповіч таксама занепакоены тым, што члены працоўных калектываў не спяшаюцца ўступаць у яго арганізацыю. І шкадуе, што ў яго не хапае паўнамоцтваў, каб прымусіць іх хутчэй пачаць рабіць дабро.

Генадзь Пракаповіч: “Больш прымусова і больш жорстка трэба дзейнічаць. Відаць, людзей да дабрыні трэба паварочваць сілай, больш актыўна дзейнічаць”.

Прымушаць жа людзей уступаць у Чырвоны крыж неабходна для таго, каб у касе гарадской арганізацыі былі грошы.

Генадзь Пракаповіч
: “У Бабруйску так склалася, што “чырвонакрыжаўскі” рух цалкам зніштожаны. Дажылі да таго, што прыходзіць груз з Захаду, тыя ж памперсы інвалідам, інвалідныя вазкі альбо інвестыцыі, а няма грошай, каб растаможыць груз”.

Грошай у Чырвонага крыжа, відаць, і сапраўды не хапае, калі яго кіраўніцтва звярнулася з афіцыйным лістом у Мінюст. Рабілі запыт, ці можна вылічваць з заробку людзей членскія унёскі. Без іх ведама. Мінюст запал асцюдзіў, патлумачыўшы, што гэта можна рабіць толькі па пісьмовай заяве працаўніка.

У тым, што яшчэ не ўсе бабруйчане з’яўляюцца сябрамі Чырвонага Крыжа Генадзь Пракаповіч вінаваціць кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый. Кажа, яны ўтойваюць ад супрацоўнікаў інфармацыю аб акцыі, што яны праводзяць сумесна з гарвыканкамам.

Толькі кіраўнікі таксама людзі. І яны не любяць, калі іх прымушаюць уступаць у добраахвотныя арганізацыі.

Вось як Еўрарадыё пракаментавала сітуацыю намесніца дырэктара па арганізацыйнай працы піваварнай кампаніі “Сябра”, вытворцы знакамітага “Баброва”, Іна Давыдоўская.

Іна Давыдоўская: “Я не ўступаю ў гэтыя арганізацыі. Я магу сама пра сябе паклапаціцца на вадаёме, пракантраляваць. Чырвоны крыж…. Калі я хачу чымсьці дапамагчы чалавеку, то я дапамагу яму асабіста”.

Намесніца дырэктара кажа, што ёй такое прымусова-добраахвотнае ўступленне нагадвае савецкія часы. Калі ўсіх такім жа чынам “уступалі” ў піянеры, камсамол, партыю і прафсаюзы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі