У Арменіі могуць закрыць бальніцу, у якой лечацца пацыенты з дыягназам ВІЧ

JamNews
JamNews

Пад пытаннем лёс армянскага прэпарату "Арменікум", з'яўленне якога стала сенсацыяй і абяцала рэвалюцыю ў фармацэўтычным свеце. А клінічны цэнтр "Арменікум", у якім выкарыстоўвалі прэпарат, можа закрыцца. Гэтае пытанне абмяркоўваецца ў Камісіі па сацыяльных пытаннях і пытаннях аховы здароўя Грамадскага савета Арменіі. Мяркуючы па ўсім, у 2018 годзе дзяржава спыніць фінансаванне цэнтра "Арменікум".

Створаны ў 1998 годзе прэпарат "Арменікум" быў прадстаўлены ў якасці сродку для лячэння СНІД/ВІЧ, аднак эфектыўнасць яго аспрэчваецца.

Існуе некалькі разнавіднасцяў "Арменікуму": таблеткі, растворы для ін'екцый і мазь. Усе яны прадаюцца ў армянскіх аптэках, але паколькі няма афіцыйнай выразнай пазіцыі адносна эфектыўнасці прэпарату, ён не вельмі актыўна прызначаецца і выкарыстоўваецца.

Па словах кіраўніка клінічных паслуг цэнтра "Арменікум" Віялеты Саргсян, эфектыўнасць сродку за гэтыя гады назіралася не толькі ў паляпшэнні якасці жыцця носьбітаў ВІЧ і змякчэнні сімптомаў хваробы, але і пры лячэнні шэрагу хваробаў, якія суправаджаюцца імуннымі праблемамі.

Яна адзначыла, што станоўчае ўздзеянне гэтага сродку відавочнае пры лячэнні сістэмнай чырвонай ваўчанкі, віруснага гепатыту С, апёкаў пасля прамянёвай тэрапіі і пролежняў. А па словах генеральнага дырэктара цэнтра "Арменікум" Левона Геваргяна, дзякуючы прэпарату ўдалося выратаваць пацыентаў, заражаных вірусам Н1N1 (свіны грып).

Віялета Саргсян у адным са сваіх інтэрв'ю заявіла, што ускладзеныя на "Арменікум" надзеі апраўдаліся, і на падставе вынікаў клінічных выпрабаванняў прэпарат выкарыстоўваецца для лячэння людзей з дыягназам ВІЧ/СНІД:

"Хаця правядзенне клiнiчных выпрабаванняў, тым больш такіх, якія адпавядалі б міжнародным стандартам, у Арменіі, якая не вельмі развітая краіна, было звязанае з вялікімі цяжкасцямі і патрабавала сур'ёзных укладанняў, усё ж удалося правесці такія выпрабаванні, у выніку чаго прэпарат быў зарэгістраваны.

Пасля рэгістрацыі ў Арменіі клінічныя выпрабаванні праводзіліся ў шэрагу іншых краін, у прыватнасці, у Расіі. Пасля правядзення незалежных выпрабаванняў таксама была даказаная эфектыўнасць прэпарата для лячэння носьбітаў ВІЧ, і лекі былі зарэгістраваныя таксама ў Расіі, Беларусі, Украіне і шэрагу іншых краін".

Тым, хто скептычна ставіцца да эфектыўнасці прэпарата, кіраўніцтва клінічнага цэнтра "Арменікум" тлумачыць: ёсць захворванні, у выпадку якіх паняцці "лячэнне" і "аздараўленне" непрыдатныя. ВІЧ адносіцца да іх ліку. Але калі ў чалавека, заражанага ВІЧ, паляпшаюцца паказчыкі імунітэту, паляпшаецца якасць жыцця, адступаюць спадарожныя захворванні, гэта можна лічыць дасягненнем.

Армянскія медыя час ад часу публікуюць неафіцыйныя паведамленні і каментары пра тое, што супраць распаўсюду "Арменікуму" ў свеце змагаецца фармацэўтычная мафія.

 

JamNews

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі