У аграгарадку Вялікая Машчаніца жыхары адстаялі сярэднюю школу

У аграгарадку Вялікая Машчаніца жыхары адстаялі сярэднюю школу

Паводле інфармацыі, якой валодалі вяскоўцы, чыноўнікі збіраліся перавесці сярэднюю школу ў базавую. Замест адзінаццацігадовага навучання планавалася зрабіць дзевяцігодку.

У аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці мясцовыя жыхары адстаялі права для сваіх дзяцей вучыцца ў сярэдняй школе. Для гэтага ім спатрэбілася сабраць пад калектыўным зваротам 80 подпісаў, якія яны накіравалі ва ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама. Пра сітуацыю вакол школы распавядае жыхар вёскі Вялікая Машчаніца Барыс Вырвіч, які разам з незалежнымі журналістамі надаў розгалас гэтай справе.

"Першая інфармацыя з’явілася выпадкова, калі мы са Зміцерам Бартосікам рабілі рэпартаж для “Радыё Свабода” у рубрыку “Падарожжа Свабоды”. Зайшлі ў школу, і там нам настаўнікі паведамілі, што аддзел адукацыі плануе перавесці гэтую школу з сярэдняй у базавую. Я пераправерыў інфармацыю, і сапраўды аказалася, што такія змены рыхтуюцца. Афіцыйна пра гэта не паведамлялася, але дакументы ўжо рыхтаваліся", — кажа Барыс Вырвіч.

Вясковец кажа, што сам схадзіў у школу да дырэктара і пакінуў сваю пісьмовую прапанову склікаць сход бацькоў, а таксама схадзіў у мясцовы сельсавет да старшыні, куды падаў адпаведную заяву, каб яны таксама ініцыявалі правядзенне такога сходу. Аднак дзеянні Барыса Вырвіча не прыносілі вынікаў, пакуль у справу не ўмяшаліся бацькі вучняў.

"Бацькі вучняў вырашылі сабраць подпісы. Падрыхтавалі ліст і даслалі яго. Ужо на мінулым тыдні, у пятніцу быў арганізаваны сход адміністрацыяй школы, на якім прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалогіі і выконваючая абавязкі начальніка аддзела адукацыі. Сход быў даволі кароткі. Чыноўнікі паведамілі пра тое, што інфармацыя пра змену статуса школы не адпавядае рэчаіснасці і ніхто не збіраецца пераводзіць яе ў базавую. Яшчэ мінімум два гады яна мае заставацца сярэдняй", — працягвае Барыс Вырвіч.

Вясковец кажа, што на дадзены момант у сярэдняй школе навучаецца 66 вучняў. Нягледзячы на гэта, перспектывы ў школы ёсць, бо ў аграгарадок з суседніх вёсак прыехала шмат маладых сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. Да прыкладу, у некаторых старэйшых класах — усяго па пяць вучняў, аднак у першы клас у гэтым годзе пайшло 17 дзяцей. Таксама ў аграгарадку працуе дзіцячы садок, у якім ёсць дзве групы дзетак у агульнай колькасці каля 40 чалавек. Усяго ў Вялікай Машчаніцы пражывае каля 600 чалавек. Старажылы ўзгадваюць, калі ў мясцовай школе ў кожнай паралелі было па два класы, па 30 вучняў кожны, аднак урбанізацыя зрабіла сваю справу — шмат хто з вяскоўцаў пераехаў у горад, што істотна паўплывала на колькасць жыхароў вёскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі