Вы тут

“У адпаведнасці з палітыкай стрыманасці” цэны на бензін ізноў растуць

БЕЛТА

Кошты на бензін і дызпаліва зноў павышаюцца — з 31 сакавіка яны ўзрастаюць на 1 капейку, паведамляе прэс-служба канцэрна “Белнафтахім”. Цяпер на беларускіх АЗС будуць такія цэннікі: АІ-92-К5-Еўра — 1,49 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,60 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,81 рубля, ДП — 1,60 рубля.

У канцэрне адзначаюць, што кошты павялічваюцца “у адпаведнасці з прынятай палітыкай стрыманасці”. Падаражэнне бензіну тлумачаць ростам кошту нафты з улікам яе рынкавай кан’юнктуры.

Ад пачатку 2019 года кошт расійскай нафты для беларускіх НПЗ узрос на 14,3%, а рознічныя кошты на АЗС — на 3,25% і гэта не кампенсуе выдаткаў на набыццё сыравіны.

Пры гэтым у “Белнафтахіме” звяртаюць увагу, што змяненне коштаў не звязанае з нядаўнім змяненнем акцызаў, бо іх рост кампенсаваў толькі павышэнне аптовых коштаў на паліва.