Вы тут

Тяжело седому пацану: у Гуцарыева поўна праблем і без "беларускіх" санкцый

Міхаіл Гуцарыеў / калаж Еўрарадыё

У 2019 годзе, за два дні да снежаньскіх перамоў Лукашэнкі і Пуціна, расійскія сілавікі нечакана наляцелі на кампаніі Міхаіла Гуцарыева і яго сына Саіда. Афіцыйнага паведамлення на гэты конт не было, але інфармацыю пацвердзілі крыніцы адразу некалькіх выданняў.

Гуцарыевы падазраваліся ў кантрабандзе нафты і нафтапрадуктаў. Але быў і іншы нюанс: блізкая да Крамля крыніца казала "Ведомостям", што непрыемнасці сям'і наўпрост звязаныя з блізкасцю да Лукашэнкі. Так бы мовіць, папярэджанне.

Пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна пра сітуацыю ўжо ніхто не ўспамінаў. Але сёння ў Міхаіла Гуцарыева намаляваліся складанасці ўжо на іншым кірунку — заходнім. І зноў праз блізкасць да Лукашэнкі.

Гуцарыеў урачыста выводзіў "Руснафту" на IPO / РБК

А галоўная праблема сям'і Гуцарыевых на цяперашні момант — кампанія "Руснафта". Яна заўсёды падтрымлівала Беларусь і пастаўляла чорнае золата на беларускія НПЗ нават у часы паліўных спрэчак. Увосень 2020-га рэйтынгавае агенцтва Fitch ацаніла стан "Руснафты" як "пераддэфолтны". Кампанія затрымлівалася з выплатамі па крэдытах і пазыках. У выніку ёй давялося дамаўляцца пра рэструктурызацыю доўгу, памер якога перавышаў $1 млрд.

У цяперашняй сітуацыі нават "Руснафта" не адважылася публічна заявіць пра тое, што будзе працягваць пастаўкі сыравіны на "Нафтан", які трапіў пад еўрапейскія і амерыканскія санкцыі.

 

Цяпер яшчэ і "беларускія" санкцыі Еўрасаюза

Буйных праектаў у Еўрасаюзе ў Гуцарыева няма. Таму можа здацца, што ад трапляння ў санкцыйны спіс ён асабліва не пацерпіць. Аднак гэта не зусім так.

Лукашэнка і Гуцарыеў у Любані / БЕЛТА

Найбуйнейшы беларускі актыў Гуцарыева — Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат — будуецца на амаль паўтарамільярдны кітайскі крэдыт, выдадзены пад гарантыі ўрада Беларусі. Акрамя таго, што развіваць праект цяпер будзе складаней, дык яшчэ пытанні і з рэалізацыяй: у Еўропу прадукцыя не пройдзе, пад пытаннем і магчымасць экспарту праз балтыйскія парты, а расійскім пакуль што не стае прапускной здольнасці. Ну і спіс патэнцыйных пакупнікоў скарачаецца да Кітая і Індыі.

Саіду Гуцарыеву ў Беларусі належыць Парытэтбанк, які працуе ў плюс, і крыптабіржа Currency (сузаснавальнік — Віктар Пракапеня, які калісьці быў фігурантам крымінальнай справы, але потым вярнуўся "ў абойму"). Гэтыя праекты санкцыямі, мяркуючы па ўсім, ніяк не закранутыя.

Мяркуючы па дынаміцы, адзіны бізнес Гуцарыева, які пакуль не тоне ў даўгах, — шоу-бізнес. Міхаіл Сафарбекавіч піша тэксты для песень, атрымлівае роялці з іх выканання. Але наўрад ці гэтага хопіць, каб адчуваць сябе ўпэўненым у гэтым зменлівым свеце.

Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.