Трывожная ноч у Дняпры і новы абстрэл Папаснай — 42-я раніца вайны

Вайна ва Украіне доўжыцца ўжо 42 дзень​ / @V_Zelenskiy_official
Вайна ва Украіне доўжыцца ўжо 42 дзень​ / @V_Zelenskiy_official

Мінулая ноч у Днепрапятроўскай вобласці была трывожная і складаная, напісаў раніцай кіраўнік мясцовай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Расіяне абстралялі нафтабазу і адзін з заводаў. Нафтабаза з гаручым знішчана. На заводзе — моцны пажар, гарэла паліва. Ратавальнікі змагаліся з агнём каля 8 гадзін.

У Луганскай вобласці напярэдадні расійскія войскі стралялі па жылых кварталах Рубежнага, Лісічанска, Папаснай, Севераданецка і разбурылі 11 дамоў, у тым ліку дзве шматпавярхоўкі. Гэта дадзеныя ад кіраўніка Луганскай вобласці Сяргея Гайдая. У доме ў Папаснай выгарэлі адразу тры паверхі. У Рубежным падчас абстрэлаў загінуў мясцовы жыхар, пяцёра атрымалі раненні. Яшчэ семярых удалося дастаць жывымі з-пад завалаў.

Ва ўкраінскім Генштабе зноў кажуць, што праціўнік заняты тым, што рыхтуецца да наступальнай аперацыі на ўсходзе краіны. Мэта — "устанаўленне поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай і Луганскай абласцей". Адначасова расіяне наносяць "удары па абароннаму комплексу Украіны, лагістычнай інфраструктуры і жылых раёнах гарадоў". Ва ўкраінскіх вайскоўцаў ёсць звесткі, што для прасоўвання на паўднёвабугскім кірунку праціўнік можа задзейнічаць тэрыторыю Прыднястроўя — на аэрадроме Ціраспаля ідзе падрыхтоўка да прыёму самалётаў.

Расійскія падраздзяленні, якія былі выведзеныя ў Беларусь, тут могуць пакуль і застацца, мяркуюць ва ўкраінскім Генштабе. Гэта робіцца для таго, каб утрымаць украінскіх вайскоўцаў ад перакідання сіл у іншыя вобласці.

Навіны з Гастомеля (гэта ў Кіеўскай вобласці), які на днях пакінулі расійскія вайскоўцы. За 35 дзён расійскай акупацыі тут прапалі без вестак больш за 400 чалавек. Пра гэта распавёў кіраўнік новастворанай Гастомельской пасялковай ваеннай адміністрацыі Тарас Думенка, паведамляе "Громадське".

Зніклы падчас эвакуацыі ў Вышгародскім раёна Кіеўскай вобласці чатырохгадовы Аляксандр Здановіч ўсё ж такі загінуў. Пра гэта ў сацсетках паведаміла яго маці Ганна. Саша быў з бабуляй. Калі горад пачалі бамбіць, дарослыя паспрабавалі з'ехаць. Яны эвакуіраваліся на дзвюх лодках. Гэта было 10 сакавіка.

Адна з лодак, у якой знаходзіліся Саша з бабуляй, перавярнулася. Цела бабулі знайшлі на наступны дзень. А Саша і яшчэ некалькі дарослых з гэтай лодкі зніклі. Цяпер знайшлі і цела хлопчыка.

Тревожная ночь в Днепре и новый обстрел  Попасной — 42-е утро войны
Саша Здановіч / фота з сацсетак

Тым часам, сусветныя СМІ і грамадскасць спрабуюць зразумець і ўсвядоміць, што адбылося ў горадзе Буча. Нагадаем, размова аб жудасных кадрах, на якіх бачныя целы забітых грамадзянскіх. Целы ляжаць прама на вуліцах. Здымкі з'явіліся праз некалькі дзён пасля сыходу з горада расійскіх вайскоўцаў. У Расіі заявілі, што гэта "правакацыя" і "пастаноўка".

Тым часам у Міністэрстве абароны Вялікабрытаніі прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі Бучы. Па выніках гэтага аналізу прыйшлі да высновы, што целы забітых грамадзянскіх праляжалі на вуліцах горада не менш за 10 дзён да таго, як расійскія войскі сышлі адтуль. Пра гэта таксама піша "Громадське".

Акрамя таго, амерыканскае выданне The New York Times апублікавала новае відэа з паветра. На кадрах відаць, як з расійскай вайсковай машыны некалькі разоў страляюць у веласіпедыста ў Бучы. Пасля вызвалення горада мёртвае цела каля ровара знайшлі ў гэтым жа месцы.

Напярэдадні сітуацыю ў Бучы абмяркоўвалі і ў Савеце Бяспекі ААН. Перад удзельнікамі сустрэчы выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Позна ўвечары ў традыцыйным звароце Зяленскі коратка распавёў, пра што казаў у Савеце Бяспекі.

"Савет Бяспекі існуе, а бяспека ў свеце не існуе. Гэта дакладна азначае, што арганізацыя ў такім фармаце не можа выконваць функцыі, дзеля якіх стваралася. І вінаватая ў гэтым толькі адна краіна — гэта Расія, якая дыскрэдытуе і ААН, і ўсе іншыя міжнародныя інстытуты, у працы якіх дагэтуль удзельнічае", — сказаў украінскі прэзідэнт.

Выданне The Economist апублікавала карту краін свету, якія падтрымліваюць і не падтрымліваюць Расію ў яе вайне супраць Украіны. Згодна карце, Маскву цалкам падтрымаюць толькі восем краін — Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Эквадор, Сірыя, М'янма, Паўночная Карэя і Беларусь.

На баку Украіны амаль усе краіны ЗША, Канада, Японія, Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўднёвая Карэя і Калумбія. Частка краін свету спрабуюць захоўваць нейтралітэт.

Тревожная ночь в Днепре и новый обстрел  Попасной — 42-е утро войны

І яшчэ адну цікавую карту прадставіла "Медиазона" — гэта "карта марадзёраў", адпраўнікоў і атрымальнікаў пасылак ад расійскіх вайскоўцаў. У гэтых пасылках — тавары і рэчы з месцаў баёў у Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях.

Вага пасылак розніцца — ад трох да амаль 500 кілаграмаў. Больш за ўсё пасылак было адпраўлена ў горад Рубцоўск (гэта Алтайскі край) — 49 з 69. Таксама адпраўленні сыходзілі ў Маскву, Чыту, Омск, Навасібірск, Пскоў і іншыя гарады РФ.

Раней у сетцы з'явілася відэа з мазырскага аддзялення службы дастаўкі СДЭК, дзе расійскія вайскоўцы афармлялі свае пасылкі.

Тревожная ночь в Днепре и новый обстрел  Попасной — 42-е утро войны
"Карта марадзёраў" / mediazona.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі