Тройку лідараў па зборы подпісаў склалі Лукашэнка, Бабарыка і Наталля Кісель

Тройку лідараў па зборы подпісаў склалі Лукашэнка, Бабарыка і Наталля Кісель

19 траўня пачаўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ж подпісаў сабралі ініцыятыўныя групы за першы тыдзень?

Паводле інфармацыі TUT.by, па стане на 28 траўня вынікі выглядаюць наступным чынам:

Аляксандр Лукашэнка — больш за 200 тысяч подпісаў;

Віктар Бабарыка — 50 тысяч подпісаў;

Наталля Кісель — 37 840 подпісаў;

Сяргей Чэрачэнь — 21 250 подпісаў;

Валерый Цэпкала — амаль 20 тысяч подпісаў;

Андрэй Дзмітрыеў — 16 тысяч подпісаў;

Ганна Канапацкая — больш за 10 тысяч подпісаў.

Лідар ЛДП Алег Гайдукевіч падчас свайго зняцця з выбарчай гонкі заявіў, што сабраў 30 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне. 

Апазіцыянеры Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Уладзімір Няпомняшчых заведама не планавалі збіраць подпісы за сваё вылучэнне. Яны не хавалі, што рэгіструюць ініцыятыўныя групы, каб весці агітацыю на дазволеных законам пікетах. 

Не цікавяць подпісы і відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Ён раней заяўляў, што няма сэнсу ўдзельнічаць у выбарах, у якіх удзельнічае Аляксандр Лукашэнка, а галасы лічыць Лідзія Ярмошына. Тым не менш, пікеты за Ціханоўскую выклікаюць вельмі вялікі ажыятаж: каля 3000 подпісаў на нядзелю ў Мінску, 1500 подпісаў — у аўторак у Баранавічах.

Фермер Юрый Ганцэвіч заявіў, што збіраць подпісы за сваё вылучэнне будзе на пікетах 29-31 траўня, якія правядзе ў полі. 

Музыка Алесь Таболіч збірае подпісы за сябе анлайн, і нават без пашпартных звестак. Ён кажа, што гэта патрэбна толькі для таго, каб праверыць, колькі людзей гатовыя за яго падпісацца. Колькасць подпісаў, сабраных афлайн, Таболіч назваць пакуль не гатовы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі