Топ-5: навіны 9 лютага

МНС аб'явіла, што цалкам спыняюцца праверкі малога і сярэдняга бізнесу

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі аб'явіла, што ў краіне цалкам спыняюцца праверкі малога і сярэдняга бізнесу. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Уладзімір Вашчанка.

Чыноўнік падкрэсліў, што такім чынам ведамства выконвае загад кіраўніка дзяржавы. Да таго ж, па словах міністра, сітуацыя з пажарамі у прадпрымальнікаў паляпшаецца. А гэта "дазваляе прыняць больш радыкальныя меры па лібералізацыі ў дадзенай сферы".

Аляксандр Кныровіч. Фота: TUT.by.

Бізнесмену Аляксандру Кныровічу выставілі абвінавачанне. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын.

Паводле версіі следства, Кныровіч ухіляўся ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Прадпрымальніку пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Суд можа канфіскаваць у Кныровіча маёмасць, а таксама — пазбавіць яго права займацца пэўнай дзейнасцю.

Фота: belsmi.by

Генеральнага дырэктара завода "Нафтан" Уладзіміра Траццякова звольнілі з пасады.

9 лютага наваполацкае прадпрыемства адзначыла свой дзень нараджэння. У гэты ж дзень з працоўным візітам яго наведала кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Яна і паведаміла пра звальненне гендырэктара.

Дарэчы, напярэдадні гучнага звальнення Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі не хапае нармальных кіраўнікоў для прадпрыемстваў. 

Фота: samorazvitie.org

Рассельгаснагляд адклаў візіт сваіх інспектараў на беларускія прадпрыемствы. Візіт быў запланаваны на люты 2017 года.

Сваё рашэнне Рассельгаснагляд патлумачыў верагоднымі правакацыямі з беларускага боку. На сайце расійскага ведамства паведамляецца, што “візіт адкладзены да стабілізацыі сітуацыі".

У адказ на гэта Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі заявіла, што беларускія ўлады гатовыя гарантаваць бяспеку інспектараў Рассельгаснагляду.

Фота: 4geo.ru

Пасля выбуху на французскай АЭС Фламанвіль у Беларусі ўзмацнілі радыяцыйны маніторынг, паведамляе прэс-служба Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Звесткі пра выбух на АЭС у Францыі з'явіліся ўдзень 9 лютага. Мясцовыя ўлады паведамілі, што пагрозы ўцечкі радыяцыі няма. Аднак для кантролю над сітуацыяй з чацвярга сістэма радыяцыйнага маніторынгу ў Беларусі пераведзеная ва ўзмоцнены рэжым.