Беларусь гарантуе інспектарам Рассельгаснагляду бяспеку пры візітах

Беларусь гарантуе інспектарам Рассельгаснагляду бяспеку пры візітах

Беларускія чыноўнікі здзівіліся паведамленням, што інспектары Рассельгаснагляду не едуць у нашу краіну, бо баяцца правакацыяў. У каментары РІА "Новости" начальнік знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў заявіў, што беларускія ўлады гатовыя гарантаваць бяспеку інспектараў Рассельгаснагляду.

"Мы гэта прачыталі са здзіўленнем. У цэлым хачу адзначыць, што беларуская дзяржава — гэта прававая, еўрапейская, цывілізаваная дзяржава, у якой бяспечна знаходзіцца любому чалавеку, уключаючы прадстаўнікоў Рассельгаснагляду — тых жа інспектараў, якіх мы запрасілі, і гатовыя гарантаваць ім бяспечнае знаходжанне на нашай тэрыторыі", — цытуе "Газета.ру" словы беларускага чыноўніка.

Ён выказаў надзею, што Рассельгаснагляд перагледзіць сваю пазіцыю.

Як паведамлялася перад гэтым, Рассельгаснагляд адмяніў запланаваныя на люты візіты сваіх супрацоўнікаў у Беларусь. На сайце ведамства было падкрэслена, што расійскія інспектары асцерагаюцца правакацыяў у нашай краіне.

Верагоднай прычынай такіх асцярог сталі заявы Аляксандра Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі 3 лютага. Тады ён загадаў пачаць крымінальную праву на кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта. На думку Лукашэнкі, Данкверт знарок перашкаджае пастаўкам беларускіх тавараў у Расію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі