Інспектары Рассельгаснагляду не едуць у Беларусь, бо баяцца правакацыяў

Інспектары Рассельгаснагляду не едуць у Беларусь, бо баяцца правакацыяў

Рассельгаснагляд адклаў візіт сваіх інспектараў на беларускія прадпрыемствы, інфармуе прэс-служба ведамства. Візіт быў запланаваны на люты 2017 года.

"Падобнае рашэнне Рассельгаснагляд быў вымушаны прыняць у сувязі з існуючымі асцярогамі шэрагу інспектараў у магчымых правакацыйных дзеяннях з беларускага боку. Візіт адкладзены да стабілізацыі сітуацыі", — паведамляецца на сайце расійскага ведамства.

Можна меркаваць, што асцярогі расійскіх інспектараў звязаныя з прэс-канферэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі 3 лютага. Беларускі кіраўнік загадаў пачаць крымінальную справу на кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за перашкоды ў пастаўках беларускіх прадуктаў.

Расійскія спецыялісты збіраліся наведаць месцы захоўвання і вытворчасці расліннай прадукцыі ў Беларусі. Пра гэта 7 лютага дамовіліся на перамовах намесніца кіраўніка Рассельгаснагляду Юлія Швабаўскене з дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі Аляксандрам Піскуном.

Прэтэнзіі ў расіян узніклі ў сувязі з тым, што летась з Беларусі выраслі пастаўкі расліннай прадукцыі, на якую Расія ўвяла каранцін. Напрыклад, морквы Беларусь у 2016 годзе (у параўнанні з 2015-м) паставіла больш у 2,6 раза, яблыкаў — у 1,5 раза, пекінскай капусты — у 3,3 раза, грыбоў — у 1,4 раза, рэпчатай цыбулі — ў 32 разы, харчовай бульбы — у 2,2 раза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі