Вы тут

Тэхнагенная катастрофа адмяняецца: што адбываецца на "Гродна Азот"

Чаму не трэба панікаваць, калі чытаеце пра "выкід аміяку" і "запалены факел" / Christopher Raff

Разбіраемся, ці варта вам панікаваць, чытаючы ў тэлеграм-каналах навіны пра "Гродна Азот".

У пачатку ліпеня стачкам прадпрыемства падзяліўся інфармацыяй пра выцяканне аміяку ў адным з цэхаў. Дзесьці ў інтэрнэце тут жа пачалі прадракаць ці нават канстатаваць тэхнагенную катастрофу.

— Не стану нагнятаць: бяды не будзе, — растлумачыў карэспандэнту Еўрарадыё былы супрацоўнік прадпрыемства Юрый Рававой.

Ён расказаў, як чытаць сігналы, якія падае "Гродна Азот".
 

Чаму выкід аміяку — гэта не катастрофа

Сыравіна "Гродна Азоту" — паветра і прыродны газ. З газу вырабляюць аміяк, а на яго аснове — азотную кіслату. Таксама з аміяку пазней вырабляюць угнаенні: карбамід, карбамідна-аміячныя сумесі.

У цэху "Карбамід-2" частку газападобнага аміяку "здзімаюць" праз спецыяльны трубаправод. Але час нікога не шкадуе, кажа Юрый Рававой, не пашкадаваў ён і гэтай трубы.

— Паступова пах у цэху станавіўся ўсё больш невыносным. Калі гэта адбывалася на тэрыторыі прадпрыемства, заплюшчыць вочы было лёгка. Але тут вецер падзьмуў на заводаўпраўленне. Тады ўжо зразумелі, што згнілая труба — гэта праблема.

Каб падтрымаць яе, не спыняючы тэхналагічнага працэсу, ставілі розныя хамуты. Але каб ліквідаваць пропуск аміяку цалкам, трэба мяняць трубаправод. А для гэтага — спыніць вытворчасць і недаатрымаць прыбытак.

Рамонт трубаправода планавалі правесці ў верасні, кажа Рававой.

На заводзе адмаўляюць выцяканне вадкага аміяку. На ютуб-канале карпарацыйнага СМІ "Гродненский химик" выкладваюць у пацверджанне відэа, знятае на заводзе 8 ліпеня. На ім відаць, што туману аміяку ў цэху няма.

"Гродна Азот" / БЕЛТА

А ў тэлеграм-чатах тым часам з задавальненнем упадаюць у паніку.

— Чаго толькі не пісалі. Казалі, што выкід аміяку — катастрофа тэхнагеннага характару. Калі чытаеш такое, малюеш у галаве карцінкі: усе на заводзе ляжаць, прасцінамі накрытыя. На справе ж праблема проста ў бесталковасці: на гэтую трубу заплюшчваюць вочы і, пакуль не лясне як след, нічога не хочуць рабіць.

Што будзе, калі "лясне як след"? Тэхнагеннай катастрофы не будзе і тады, запэўнівае Юрый Рававой. Аміяк у гэтым трубаправодзе не вадкі, а газападобны, ён проста выпарыцца.

— Калі труба не дацягне да рамонту, самае страшнае, што здарыцца, — пазапланавае спыненне цэха. А гэта, зноў-такі, недаатрыманы прыбытак.

 

А вось "рыжы дым" — праблема больш сур'ёзная

У іншым цэху "Гродна Азоту" займаюцца вытворчасцю азотнай кіслаты. У ходзе гэтага працэсу ўтвараюцца аксіды азоту. Яны і маюць рыжаваты колер.

— І вось яны праўда небяспечныя, таму што пры судакрананні з вадой утвараюць слаба канцэнтраваную азотную кіслату. Калі ў момант выкіду рыжага дыму пойдзе дождж, то кроплі вады ад утворанага воблака ўпадуць уніз. Рабочым гэта пагражае невялікімі хімічнымі апёкамі. Але прадпрыемства гэтую праблему замоўчвае і кажа, што паказчыкі ў норме.

У гутарцы з БЕЛТА прэс-служба прадпрыемства тлумачыла: у час пускавых аперацый кантралююць атмасфернае паветра і на прамысловай пляцоўцы, і па перыметры прадпрыемства, і на мяжы санітарна-ахоўнай зоны. Пробы адбіраў Гродзенскі абласны цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

— Перавышэння дапушчальных канцэнтрацый не выяўлена. Падрабязныя вынікі кантролю апублікаваныя на сайце газеты прадпрыемства, — гаварылася ў заяве прэс-службы.
 

Калі гарыць факел — гэта страшна. Але толькі для адміністрацыі

Калі над прадпрыемствам загараецца факел, гэта значыць, што цэхі "Аміяк-3" і/або "Аміяк-4" спыніліся. Каб у апаратах не запасіўся ціск, газ спальваюць.

Эфектна, прыгожа, але страшна толькі для адміністрацыі. Таму што гэта чарговыя страты. Спыненне вытворчасці ў такім выпадку будзе доўжыцца больш чым адзін дзень.

"Эфектна, прыгожа, але не страшна" / "Вечерний Гродно"

— Да таго як цэх зноў пачне выпускаць прадукцыю, пройдзе ад некалькіх дзён да тыдня. Успомніце, колькі такіх спыненняў ужо адбывалася. Калі скласці ўсе прастоі, з года выпадзе месяц працы. І гэта балюча для прадпрыемства, якое і без таго, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, спрацавала са стратамі.

Баяцца гэтага запаленага факела не варта. Калі толькі вы не працуеце ў адміністрацыі завода, — тлумачыць Юрый Рававой.
 

"Але гэта вам не цукерачная фабрыка"

Але хоць тэхнагенную катастрофу ўсёй краіне выкід аміяку не абяцае, гэта не значыць, што для рабочых "Гродна Азоту" гэта нармальныя камфортныя ўмовы працы.

— Выкіды аміяку — гэта сур'ёзная праблема для рабочых. Адна рэч, калі вы адзін раз надумалі ўдыхнуць нашатырны спірт, каб зразумець, што ў гэтым слоічку. Іншая рэч — калі пастаянна знаходзішся на вытворчасці. У такіх сітуацыях аміяк прыводзіць да хранічных хвароб лёгкіх. Старыя работнікі "Гродна Азоту" кажуць так: "Гэта вам не цукерачная фабрыка".

Гродна з вышыні / Belarus.by

А жыхарам суседніх вёсак баяцца хімічнага прадпрыемства варта? Калі яно знаходзіцца пад наглядам кваліфікаваных спецыялістаў, то не варта, кажа Рававой.

— Вядома, нічога добрага ў тым, каб жыць побач з хімічным прадпрыемствам, няма. Напрыклад, жыхары вёсак, якія знаходзяцца за цэхамі вытворчасці карбаміду, ведаюць: палі можна не ўгнойваць. Карбаміду ўносіцца дастаткова. Але пакуль прадпрыемства знаходзіцца пад наглядам нармальных спецыялістаў, баяцца не варта.

 

Чаго варта баяцца самому прадпрыемству

Санкцый. Па словах Рававога, раней прадукцыя разыходзілася "як гарачыя піражкі". Па-першае, праз выгаднае геаграфічнае становішча і блізкасць да балтыйскіх партоў. Па-другое, тут на самай справе быў добра наладжаны тэхналагічны працэс, вырабляўся прадукт высокай якасці.

— Людзі, якія займаюцца аптовымі продажамі, казалі, што еўрапейцы адмаўляюцца ад гродзенскіх угнаенняў сцяўшы зубы. Ніколі не падводзіла якасць. Але цяпер запрацавалі санкцыі.

Губернатар вобласці Уладзімір Каранік у інтэрв'ю "Беларусь 1" заяўляў, што завод летась не знізіў аб'ёмаў вытворчасці "ні на адзін адсотак". Больш за тое, экспартныя пастаўкі павялічыліся за кошт новых рынкаў збыту і развіцця лагістычных маршрутаў.

— Усе гэтыя мерапрыемствы патрабуюць грошай, і церпіць у першую чаргу не дзяржава. Дзяржава атрымлівае новыя тэхналогіі, новую вытворчасць, новыя рынкі збыту. Церпяць працоўныя калектывы, таму што выхад на новыя рынкі збыту патрабуе ўкладанняў. І тыя грошы, якія прадпрыемства накіроўвае на гэтыя праграмы ў выпадку адсутнасці санкцый, маглі быць накіраваныя на падвышэнне аплаты працы. Паколькі фінансавыя абавязацельствы прадпрыемстваў павялічваюцца, адпаведна, магчымасць ажыццяўляць далейшае падвышэнне заработнай платы памяншаецца. І церпяць працоўныя калектывы.

Нават у новай Беларусі акрыяць ад санкцый будзе цяжка, разлічваць на салідарнасць рынку не даводзіцца / pixabay

Рававой кажа, што цяпер кіраўніцтва завода пераарыентуецца на ўкраінскі рынак, які да санкцый не далучыўся. Але ва Украіне цяпер пачалі ажываць і ўласныя вытворцы. Некалькі гадоў таму іх падкасілі цэны на газ, якія выставіла для Украіны Расія. Цяпер яны вяртаюцца. Калі ўкраінскае кіраўніцтва клапоціцца пра свае заводы, яно можа ўвесці пошліны на гродзенскую прадукцыю.

Што рабіць "Гродна Азоту" ва ўяўнай новай Беларусі, з якой еўрапейскі вытворца зноў захоча працаваць? Рававой прызнае, што лёгка не будзе, а на салідарнасць і падтрымку рынку разлічваць не давядзецца.

— Рынак будзе глядзець на цану. Выратуе толькі па-ранейшаму бесперабойна добрая якасць прадукцыі і лагістычна выгаднае становішча. З іншага боку, ці не закруціць тады гайкі Расія, ці не падыме цэны на газ, як зрабіла гэта для Украіны? Украінскія кампаніі гэтыя часы перажывалі цяжка. Адным словам, лёгка не будзе, але лічу, што яно таго варта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.