Тэатр беларускай драматургіі “пераехаў” у метро

На спектаклі “Сталіца Эраунд” мінскага Тэатра беларускай драматургіі перааншлагі. Гледачы апладыруюць акцёрам некалькі хвілін. Крытыкі называюць спектакль найлепшым у ТБД і аднім з лепшых у Мінску. Усё гэта пры тым, што спектакля не было ў планах тэатра і на яго пастаноўку зусім не выдзялялася грошай.
Два акцёры (Максім Паніматчанка і Дзяніс Паршын) і рэжысёр Вольга Саратокіна сабраліся разам і паставілі п’есу. Так, каб ім не было ні за што сорамна. А пасля паказалі крытыкам, якія сказалі сваё цвёрдае: пішам у афішы.

Два хлопцы едуць у метро, і іх цягнік нечакана спыняецца. Застаецца адно – гаварыць. І дагаворвацца да бойкі, і распавядаць пра вяселле, якое ў кагосьці праз тыдзень, а пасля піць разам шампанскае, прызначанае нечай нявесце. І разумець, хто каму брат. А потым зноў біцца.

Спектакль нараджаўся складана. Усе адчувалі патрэбу выказацца, але змаглі зрабіць гэта, толькі калі сабраліся разам. Акцёры кажуць, што гэта іх першае паўнавартаснае выказванне са сцэны.

Дзяніс Паршын
: “Гэта трэба было зрабіць даўно. Гэта нашыя першыя словы са сцэны. У гэты бок трэба рушыць усяму тэатральнаму нашаму працэсу. На шчасце, павевы сённяшняга дня ў многіх тэатрах паварочваюцца – паварочваюцца! – у патрэбны бок. І гэта трэба раскручваць, раскручваць далей.

Нашы беларусы – мудрыя людзі, разумныя, але для мастацтва сапраўднага трэба шаленства, маладосць, патрэбны выбух! У рэшце рэшт, можа і дурнота нават! Вось гэтага не хапае нашаму тэатру”.


Спектакль пастаўлены па п’есе Сяргея Гіргеля. Але аўтар здзіўлены тым, што зрабілі акцёры. Гэтую ж п’есу спрабавалі паставіць у Маскве, але з гэтага падзеі не атрымалася. Акцёры прызнаюцца, што тэкст ім спачатку вельмі не спадабаўся. Распавядае Дзяніс Паршын.

Дзяніс Паршын: “Калі я прачытаў яго твор упершыню, я быў абураны, мне настолькі не спадабаўся гэты матэрыял, што я не хацеў з ім працаваць. Я казаў: усё, бярыце іншага артыста, я ўвогуле не буду над гэтым працаваць, нават думаць пра гэта не буду! Справа ў тым, што гэта ўвогуле не было падобным да п’есы, - гэта была замалёўка, на ўзроўні эцюда. Не больш таго.

Нічым не абгрунтаваны набор выклічнікаў. І натуральна, што ўчора, пасля прэм’еры, Гіргель быў агаломшаны тым, наколькі спектакль не падобны да яго п’есы. Нам было складана, бо мы гралі тое, што аўтар не пісаў. Гралі кавалкі, якія не выпісаныя, але нас зачапілі”.

Акцёры кажуць, што іх рэпетыцыі настолькі адрозніваліся ад звычайных, што можна казаць пра новы прынцып рэпетыцыйнага працэсу. Магчыма, калі-небудзь ён вырасце ў цэлую сістэму, - жартуюць яны. Для рэжысёра Вольгі Саратокінай гэта дыпломны спектакль. Большасць вельмі значных момантаў спектаклю з’явіліся дзякуючы Дзянісу і Максіму. Але яны лічаць, што без погляду Вольгі нічога б не атрымалася.

Максім Паніматчанка: “Мы прадаставілі ёй магчымасць выбіраць з розных варыянтаў. Мы праігравалі штораз па-новаму і прапаноўвалі ёй выбіраць. Мы стараліся ёй дапамагчы ва ўсім. Яе ўдзел, безумоўна, важны. Якім бы ты ні быў добрым акцёрам, якім бы ты ні быў разумным, усё роўна патрэбны погляд збоку, погляд рэжысёра.

Ты можаш думаць сабе што хочаш, але толькі ён скажа табе: вось калі ты будзеш стаяць на паўметра лявей на сцэне, вось гэта будзе лепш”.


Канфлікт з матэрыялам быў з самага пачатку, але, як ні дзіўна, гэта і стала гарантыяй поспеху – кажа Максім Паніматчанка. З кожным прачытаннем п’есы, кожнай яе старонкі, акцёры сутыкаліся з нейкім выбарам. Можа, таму спектакль “Сталіца Эраунд” атрымаўся такім небанальным і сучасным.

На нашым сайце вы можаце праслухаць песню, якая гучыць у фінале пастаноўкі.


Фота — www.hayinfo.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі