Такінданг: Не хачу, каб да мяне ставіліся, як да беларускага дзіва

111116 TakindangS.mp3

Еўрарадыё: Сёння міжнародны дзень талерантнасці. Раскажы, як жывецца цемнаскураму беларусу ў Беларусі?


Андрусь Такінданг: Вострыя часы былі прыкладна ў сярэдзіне-канцы 90х гадоў, калі ўвогуле сацыяльная сітуацыя ў краіне была абвостраная. Тады былі дастаткова актыўныя групоўкі РНЕ, скінхэды. Тады безумоўна сутычкі адбываліся. Цяпер сітуацыя больш спакойная, калі казаць пра адкрытыя канфлікты.

Еўрарадыё: А калі казаць не пра адкрытыя канфлікты, ці заўважаеш ты нейкае іншае стаўленне да сябе?


Андрусь Такінданг: Тут можна проста казаць пра выхаванне, таму што, напрыклад, на сустрэчах з журналістамі я ніколі не мінаю гэтага пытання, заўсёды мне яго задаюць. Маўляў, вы такі чорны і мала таго што ўмееце размаўляць, дык яшчэ і па-беларуску. У такіх пытаннях ёсць дзіцячая наіўнасць і, у прынцыпе, мала калі ўдаецца іх пазбягаць.

Еўрарадыё: Ці адрозніваецца Беларусь ад іншых краінаў? Ці сапраўды ў нас мала цемнаскурых людзей?


Андрусь Такінданг: Свет міксуецца, становіцца больш цесным. І з аднаго боку, гэта натуральнае імкненне нацыі – самазахавацца. І таму насцярожанае стаўленне да людзей, якія адрозніваюцца, прынамсі, знешне.  Калі я быў у Чадзе, у Цэнтральнай Афрыцы разам са сваёй беласкурай маці, на яе не звярталі ўвагі, не выдзялялі яе з агульнага цемнаскурага натоўпу, не было паглядаў. Хаця яна была адзіным белым чалавекам на тысячы асобаў. Пра Мінск я не адважуся так сказаць. Хаця бываюць пазітыўныя выпадкі, калі я сутыкаюся з адэкватным стаўленнем і іх пераважная большасць.

Еўрарадыё: А як да цябе ставяцца дзяўчаты? Ці вылучаюць цябе сярод беласкурых хлапцоў?


Андрусь Такінданг: Чыста знешнія кантакты, калі звяртаеш увагу на адрозненні, цягнуцца першыя пяць хвілінаў, далей колер скуры ўжо не мае значэння, граюць ролю якасці характару. У гэтым сэнсе – магчыма і звяртаюць увагу. І гэта прыемна. Але не заўсёды прыемна, калі, напрыклад, ты на сцэне робіш канцэрт і цябе ў першую чаргу атаясамліваюць з тым, што цемнаскуры робіць нешта па-беларуску, а не слухаюць тваю музыку, твае тэксты. Гэта, канешне, крыўдна.

Еўрарадыё: Ці бывалі інцыдэнты падчас тваіх выступаў на вуліцы? Ці ставяцца да цябе інакш міліцыянты ?


Андрусь Такінданг: Я выступаю ў атачэнні беласкурых музыкаў. Мы досыць часта ладзілі вулічныя канцэрты, прычым рабілі гэта ў цэнтры горада, каля ратушы ў Мінску. Выступалі таксама ў Салігорску, Гродна, Магілёве. І за тры гады вулічных канцэртаў ніякіх праблемаў ніколі не ўзнікала. Гэта пры тым, што ў Менску, напрыклад, збіралася да двухсот чалавек. Для нас гэта дзіўна, таму што ў Беларусі рэдка ўбачыш вулічных музыкаў. Хіба што ў пераходах музыкі што граюць у шапку. Але мы ладзілі сапраўдныя канцэрты з антрактамі, гледачамі. Толькі сёлета мы не рабілі вулічных канцэртаў, таму што лета было напружанае, абстаноўка ў грамадстве нездаровая, таму мы проста перастрахаваліся.

Еўрарадыё: А якія плюсы твайго колеру скуры?


Андрусь Такінданг: Я ўвесь час жыву ў Беларусі. Часам даводзілася даказваць аднагодкам, што ты маеш права, што ты можаш інтэгравацца ў гэтае грамадства, што ты не горшы, а такі самы. Зразумела, што тут рэч не толькі ў колеры скуры. Мне часта даводзілася не сілай, але настойлівасцю, упорлівасцю даказваць сваё месца ў грамадстве, даводзіць што я беларус.

Еўрарадыё: Як бацькі тлумачылі табе тваю унікальнасць, як размаўлялі з табой на тэму колеру скуры?


Андрусь Такінданг: Маё дзяцінства праходзіла ў вёсцы ў бабулі з дзядулям. Бацькі зараблялі грошы. А мяне выхоўвалі бабуля і дзядуля. Яны былі настаўнікамі і людзьмі ў вёсцы шанаванымі. І, у прынцыпе, такога пытання, што я іншага колеру, проста ніколі не падымалася. Тут я хачу падкрэсліць момант вясковай інтэлігентнасці. Калі я жыў у вёсцы, я не магу ўзгадаць, каб хтосьці прыйшоў і сказаў мне што я іншы. Магчыма, сапраўды існуе вясковая традыцыйная талерантнасць, нейкі гацунак і менавіта вясковае пачуццё годнасці чалавека, які працуе на зямлі.

Еўрарадыё: А можа, гэта не талерантнасць, а страх запытацца?


Андрусь Такінданг: Не. Я магу свядома сцвярджаць, што ў вёсцы мяне не выдзялялі, я не стаў там нейкім чужародным элементам. Ставіліся прыязна, так, як і да астатніх. Вось гэта самае важнае. Дагэтуль для мяне важна, каб са мной размаўлялі не як з цемнаскурым хлопцам, што нейкім дзівам вывучыў беларускую мову і з’яўляецца беларускім дзівам. Гэта тая рэч, за якую я змагаюся ў сваёй творчасці, нават у сваім жыцці.

Еўрарадыё: А ўвогуле, беларусы талерантныя ці не?


Андрусь Такінданг: Можна падзяліць наша грамадства на людзей мудрых і талерантных, якія не стараюцца рабіць высноваў са знешняга выгляду, а стараюцца зазірнуць унутр, глыбей, паразмаўляць, пажыць. Тады ты для іх можаш быць добрым альбо дрэнным. Я з гэтым сутыкнуўся і ўдзячны лёсу за такі досвед. Таксама я маю досвед ажыятажнага стаўлення да колеру скуры. Я не магу сказаць, што яно негатыўнае, ажыятажнае, калі з колеру скуры робяць дзіва. Калі ацэньваць Беларусь, як краіну ў якой я жыву, то магу сказаць, што мне тут зручна. Я знайшоў сваё месца ў Беларусі і не адчуваю сябе іншым. З гэтага я магу зрабіць выснову, што беларусы - людзі мудрыя. Адзінае, што нам трэба больш трымацца свайго і часам быць у нацыянальным пытанні больш прынцыповымі. Каб захавацца як нацыя, мы мусім трымацца свайго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі